Супрацоўнікам хуткай забаранілі заяжджаць у «МакДональдс» па бясплатныя абеды

Ад 1 траўня «МакДональдс» задарма выдаваў мэдыкам абедныя наборы. Сёньня стала вядома, што менскім брыгадам хуткай дапамогі забаранілі заяжджаць у рэстаран у працоўны час.

Парушальнікаў загаду галоўнага ўрача будуць пазбаўляць надбавак, машыны хуткай дапамогі будуць адсочваць па GPS-трэкеру, які стаіць у кожнай службовай машыне. У службовай інструкцыі для супрацоўнікаў пазначана, што адхіляцца ад маршруту ў асабістых мэтах яны ня маюць права.

«Кіраўніцтва баіцца мітычных скаргаў, таму так паступае. Ніхто з мэдыкаў ад няма чаго рабіць у „МакДональдс“ ня езьдзіў, толькі вымушана, калі не пасьпявалі паабедаць. Часам мы па 6 гадзін у супрацьчумных касьцюмах развозім хворых, няма часу заехаць на падстанцыю і зьесьці ссабойку», — сказаў Tut.by супрацоўнік адной з падстанцый хуткай дапамогі.

У абедны набор уваходзяць бургер, бульба, напой і піражок.

Мэдык кажа, што зь юрыдычнага пункту гледжаньня яны ня маюць права езьдзіць у «МакДональдс», але гэта вымушаная мера. Мэдыку і ягоным калегам была прыемная такая падтрымка. Перад тым як ехаць па абед, супрацоўнікі хуткай удакладнялі ў дыспэтчара, ці няма на чарзе выклікаў. То бок ніхто з пацыентаў нібыта не чакаў дапамогі, пакуль мэдыкі стаялі на чарзе ў McDrive.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Мэдык зь менскай станцыі хуткай дапамогі расказала Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці: «Спачатку толькі чуткі хадзілі, што толькі на адной падстанцыі сама загадчыца забараняла заязджаць у "мак", а зь сёньняшняга дня ўжо нібыта гэта ўсё ад галоўнага лекара.

Акцыя такая і ад KFC была, але там 2 тыдні можа. І на нашую падстанцыю ўжо напэўна 2 месяцы прывозяць абеды з кафэ і бару, але пра гэта яшчэ ніхто нічога не казаў і нібыта ніхто ім не забараняў».

Інтэрактыўная мапа. Каранавірус у Беларусі