СМІ: кожны 15-ты памерлы ад каранавірусу ў Расеі — мэдработнік

Пахаваньне памерлых ад каранавірусу на Бутаўскіх могілках у Маскве

У Расеі ад каранавірусу памерлі сама меней 186 мэдычных работнікаў, гэта значыць кожны 15-ты з памерлых ад COVID-19. Пра гэта піша «Медиазона», журналісты якой праверылі афіцыйныя дадзеныя пра сьмерці расійскага мэдпэрсаналу.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

За аснову журналісты ўзялі «Сьпіс памяці» — онлайн-праект, у які ўносяць прозьвішчы лекараў, медсясьцёр, санітарак, лябарантаў і іншых мэдычных работнікаў, якія загінулі ў час эпідэміі каранавірусу.

З прадстаўленых на 18 траўня 222 прозьвішчаў у сьпісе журналістам удалося знайсьці пацьвярджэньне сьмерці 186 чалавек. Асобна яны адзначаюць Дагестан — там кіраўнік мясцовага Міністэрства аховы здароўя пацьвердзіў сьмерць 40 сьмерцяў мэдыкаў ад пнэўманіі і COVID-19. Таксама гібель лекараў афіцыйна прызналі ў Маскоўскай вобласьці — 16 выпадкаў, у Санкт-Пецярбургу — 14 загінуўшых.

Па дадзеных выданьня, малодшы і сярэдні мэдычны пэрсанал часьцей за астатніх памірае ад каранавірусу, асабліва гэта закранула мэдсясьцёр — іх загінула ўжо 34.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пецярбургу забараняюць разьвітанне з памерлымі незалежна ад дыягназу

Па афіцыйных дадзеных, у Расеі сьмяротнасьць ад каранавірусу застаецца нізкай у параўнаньні зь іншымі краінамі. Але калі дадзеныя пра сьмерці мэдработнікаў, якія прадстаўляюцца ўладамі, адпавядаюць рэальнасьці, піша «Мэдыязона», то доля сьмерцяў мэдыкаў складае амаль 7%, што ў разы вышэй, чым у іншых краінах — Вялікабрытаніі (0,5%), Італіі (0,65 %), Гішпанііі (0,27%) і ЗША (0,48%).

У выданьні такія паказчыкі тлумачаць двума здагадкамі:

  • прыніжэньнем афіцыйнай статыстыкі сьмяротнасьці ад каранавірусу;
  • высокімі рызыкамі, якія існуюць у расейскіх лекараў пры працы з пацыентамі з COVID-19. У першую чаргу гэта недахоп ахоўных сродкаў, на што не аднойчы скардзіліся лекары і медсёстры ў Расеі.

У прафсаюзе мэдычных работнікаў «Дзеяньне» распавялі, што на высокую сьмяротнасьць мэдыкаў магла паўплываць і дрэнна арганізаваная праца.

«Калі звычайная брыгада хуткай дапамогі адпраўляецца на звычайны выклік ці ўчастковыя тэрапэўты вядуць звычайны прыём — няма прэзумпцыі таго, што яны працуюць з кавіднымі. Адпаведна, сродкаў індывідуальнай абароны сур’ёзных ім не выдаюць», — патлумачыў сустаршыня прафсаюзу Андрэй Канавал.

Газэта Financial Times 13 траўня выпусьціла матэрыял пра тое, што сапраўдная колькасьць памерлых ад COVID-19 у Расеі можа быць на 70% больш афіцыйна агучаных дадзеных. Пасьля гэтага расейскія ўлады распачалі барацьбу з газэтай і расейскімі выданьнямі, якія выпусьцілі нататкі на падставе расьсьледаваньня FT.

***

Паводле дасьледаваньня Свабоды, апублікаванага 7 траўня, кожны дзясяты загінулы ад COVID-19 у Беларусі — мэдык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмяротнасьць ад COVID-19 сярод мэдыкаў у Беларусі ў 15-30 разоў вышэйшая за іншыя краіны Эўропы? Як такое атрымалася