Сёньня — дзень нараджэньня Радыё Свабода. Спампуйце рэпрынтнае выданьне «Гаворыць Радыё Вызваленьне...»

20 траўня 1954 году выйшла ў этэр першая перадача Радыё Вызваленьне (ад 1959 — Радыё Свабода).

У 1956 годзе супрацоўнікі Беларускай рэдакцыі выдалі сваім коштам зборнік выбраных матэрыялаў, якія прагучалі на радыё за першыя гады яго існаваньня. У кнігу ўвайшло 67 тэкстаў 21 аўтара: камэнтары на бягучыя падзеі, артыкулы з нагоды розных угодкаў, успаміны зь перажытага пад бальшавікамі, літаратурна-мастацкія мантажы, фэльетоны, нататкі з жыцьця эміграцыі.

Рэдакцыя падрыхтавала рэпрынтнае выданьне гэтай унікальнай кнігі, якая цяпер даступная ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Гаворыць Радыё Вызваленьне... (PDF)

Першыя

Прадмова Аляксандра Лукашука

Радыё было першым глябальным мэдыя ХХ стагодзьдзя і першым полем бітвы ідэяў свабоды і таталітарызму — за сьвет і за Беларусь. І па-беларуску.

Кнігу «Гаворыць Радыё Вызваленьне...» выдалі сваім коштам супрацоўнікі першага складу рэдакцыі вяшчаньня на Беларусь у канцы 1956 году. Людзі слова, яны шанавалі скарынаўскую дыхтоўнасьць друку, і адабраныя імі артыкулы, фэльетоны, камэнтары за амаль тысячу першых дзён працы сталі першым такім зборнікам сярод усіх нацыянальных рэдакцыяў Radio Liberation.

Беларусы ўвогуле былі на першых ролях у амэрыканскім вяшчаньні для народаў савецкай імпэрыі. Напачатку, у 1950 годзе, выйшлі ў этэр радыёперадачы на падсавецкія краіны Цэнтральнай Эўропы. Тады ж быў заснаваны Амэрыканскі Камітэт за Вызваленьне Народаў Расеі, пазьней вядомы як Камітэт за Вызваленьне ад Бальшавізму (ACLPR, AMCOMLIB). Адначасна — насуперак памкненьням расейскай дыяспары, якая дамінавала ў ЗША, пасьля настойлівай працы дзеля перакананьня амэрыканскага боку — узьнікла падобная, але асобная ад расейцаў арганізацыя «Ліга за Вызваленьне Народаў СССР». Ліга злучыла армянаў, азэрбайджанцаў, украінцаў, грузінаў, прадстаўнікоў народаў Паўночнага Каўказу і беларусаў. Менавіта голас Лігі паўплываў на тое, што ад 1953 году, з пачаткам вяшчаньня на Савецкі Саюз, кароткія хвалі загучалі на нацыянальных мовах паняволеных народаў. Ініцыятарам стварэньня Лігі (ад 1954 — яе кіраўніком), удзельнікам перамоваў з амэрыканскім урадам у справах Радыё быў старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык.

Супрацоўнікі Беларускай рэдакцыі меркавалі і надалей друкаваць тэксты перадачаў — пазнака «Кніжка 1» стаіць на брашуры 1956 году, і прадмова падкрэсьлівае, што выпускаюць менавіта «першую кнігу». Але гэты зборнік працягу ня меў — на вялікі жаль, бо магнітныя стужкі зь дзясяткамі гадоў архіўных запісаў беларускага вольнага слова не захаваліся. І справа ня толькі ў недаўгавечнасьці фэрамагнітных носьбітаў інфармацыі — стужкі былі дэфіцытам, іх выкарыстоўвалі шмат разоў, запісваючы новыя перадачы на старыя зноў і зноў. (Сыстэмнае архіваваньне этэру Беларускай службы Радыё Свабода пачалося пасьля пераезду зь Мюнхэну ў Прагу ў 1995 годзе; аднак у нейкіх спэцсховах у Менску могуць ляжаць матэрыялы «перахопаў» — за савецкім часам Свабоду старанна запісвалі на магнітафоны, расшыфроўвалі, множылі і пад грыфам «Для службовага карыстаньня» клалі на сталы начальству.)

Адзіным друкаваным зборам беларускіх «скрыптаў», як называліся падрыхтаваныя для чытаньня перад мікрафонам тэксты, кніга «Гаворыць Радыё Вызваленьне...» засталася надоўга, але не назаўсёды. У 2002 годзе выйшла першая кніга «Бібліятэкі Свабоды», якая налічвае ўжо больш выданьняў, чым мінула гадоў з часу першага этэру 20 траўня 1954 году. Прынцып «Бібліятэкі» сфармуляваны ў падзагалоўку той самай першай кніжкі — гэта «Выбраныя матарыялы Беларускае Рэдакцыі», як і пазначаецца цяпер на вокладках усіх новых выданьняў.

Шмат зьмянілася за мінулыя дзесяцігодзьдзі на Радыё — ад імя самой арганізацыі (з 1959 году — Радыё Свабода) да назваў і межаў краінаў вяшчаньня, ад кароткіх хваляў да мультымэдыйнасьці і дакумэнтальнага кіно, ад сакрэтнага фінансаваньня зь бюджэту ЦРУ да прыватнай прафэсійнай карпарацыі, незалежнасьць якой падтрымлівае Кангрэс ЗША. Рэдакцыя ўжо даўно працуе ў рэжыме рэальнага часу — а шлях першых скрыптаў да слухачоў у Беларусі вымяраўся сотнямі кілямэтраў і многімі гадзінамі. У Мюнхэне тэксты начытвалі на магнітафон, чысьцілі памылкі, дадавалі музыку, потым бабіну запячатвалі ў спэцпакет, кур’ер на матацыкле сьпяшаўся на вакзал і перадаваў пакет у цягнік, які ішоў на поўнач, у Мангайм, праз чатыры гадзіны там яго забіраў іншы матацыкліст і ляцеў да мястэчка Лямпэртгайм, дзе месьціліся перадатчыкі, і адтуль стужкі запускалі ў этэр. А ім насустрач уключаліся глушылкі...

Ня менш доўга можна пералічваць усё, што застаецца на Радыё бязь зьменаў — а можна проста прачытаць апошні радок, якім сканчаецца самы першы гістарычны зборнік Беларускай рэдакцыі:

«АБЯЦАЕ СЬВЕТУ СВАБОДУ».

НА ХВАЛІ СВАБОДЫ. Сэрыя перадачаў, прысьвечаных гісторыі Радыё Свабода. 1954 — 2013, год за годам