Генэральны пракурор ЗША скрытыкаваў Apple за супрацоўніцтва з Кітаем і Расеяй

Генэральны пракурор ЗША Ўільям Бар

Генэральны пракурор ЗША Ўільям Бар скрытыкаваў карпарацыю Apple за супрацоўніцтва з Кітаем і Расеяй. Паводле Бара, кампанія садзейнічае цэнзуры ў гэтых краінах і гатовая выконваць любыя патрабаваньні аўтарытарных рэжымаў.

У размове з прэсай Бар расказаў пра выпадак, калі Apple адмовілася разблякаваць тэлефон забітага курсанта з Саудаўскай Арабіі, які адкрыў страляніну на вайсковай базе ў ЗША ў Флорыдзе. Тады загінулі тры чалавекі. Генэральны пракурор сказаў, што карпарацыя адмовілася дапамагчы, нягледзячы на просьбу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Пры гэтым, паводле Бара, кампанія супрацоўнічала з уладамі Кітаю і Расеі і перанесла свае дата-цэнтры, каб даць уладам «магчымасьць масавага сачэньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Google і Apple створаць тэхналёгію, каб адсочваць кантакты людзей з каранавірусам

Apple у адказ заявіла, што пасьля нападу на вайсковай базе ўлады атрымалі ад карпарацыі ўсю неабходную інфармацыю, у тым ліку дадзеныя транзакцый і ўліковага запісу. У кампаніі адзначылі, што не захоўваюць паролі карыстальнікаў і ня могуць разблякаваць прылады, абароненыя паролем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія Apple закрыла крамы ва ўсіх краінах, апроч Кітая