«Гэта быў канец сьвету». Чатыры гісторыі пра тое, як каранавірус пазбавіў беларусаў працы

Улады Беларусі ня ўводзяць абавязковага карантыну ў сувязі з пандэміяй, аднак і бяз гэтага яна моцна ўплывае на гаспадарку краіны. Мы выслухалі чатыры гісторыі пра тое, як каранавірус пазбавіў беларусаў працы.

Натальля, журналістка: Хацела высокага заробку, засталася ні з чым

«Я працавала журналісткай у «Нашай ніве». Да 8 сакавіка 2020 году. 9-га прыйшла на працу пасьля выходнага і вырашыла, што ўсё, раскажу калегам, што буду звальняцца. Усё гэта выпадкова неяк атрымалася.

Натальля

Я ня думала зьмяняць працу і нават сфэру дзейнасьці. Мяне ўсё задавальняла. Проста атрымалася, што мая знаёмая працавала ў PR-студыі. Яна вырашыла зьмяніць працу і расказала мне, што вызваляецца месца. «Магчыма, ты хочаш?» Я падумала, што, магчыма, так і ёсьць. Заробак там прапаноўвалі нашмат вышэйшы. Пераважыла гэта. Іншая сфэра таксама. Я журналістыкай сем гадоў займаюся, цікава нешта іншае паспрабаваць.

Прыйшла на гутарку. Дырэктар кажа, вы нам падыходзіце. Я ўся натхнёная была. Разьвіталася з калегамі, шукала новую кватэру. Прыкладна 20 сакавіка мы дамовіліся, што я з 1 красавіка выйду на працу. Прыгожая дата, зручна аформіцца. Я яшчэ абрадавалася, што адпачну акурат, з новымі сіламі пачну новую справу. Пераеду ў новае месца. Жыцьцё зьзяла ўсімі фарбамі вясёлкі.

А за тыдзень да красавіка мне пішуць, што Натальля, усё прапала. Куды я вас вазьму, калі нават сваіх супрацоўнікаў вымушаны звальняць. Такое прыйшло паведамленьне ў Telegram.

Натальля ля офісу, дзе павінна была працаваць

Гэта канец сьвету быў. Шок. Што цяпер? Разгубленасьць. Я рэальна завісла на некаторы час, што рабіць? Пазваніла ў гэты ж дзень на старое месца працы. Кажуць, прабач, мы запрасілі ўжо новага чалавека. Крыху спазьнілася. Прапанавалі толькі пазаштатна пісаць.

Зарэгістравала анкету на сайце пошуку працы, пачала на гутаркі езьдзіць. Але такі афігенны спэцыяліст, як выявілася, нікому не патрэбен. Пісала паўсюль. Напісала таксама дырэктару той PR-студыі. Каб калі раптам у іх нешта зьменіцца, яны мне паведамілі, што хачу ў іх працаваць. Ён прапанаваў мне часовую дамову на месяц. Месяц адпрацавала. Нічога не палепшылася. Мне зноў прапанавалі часовую дамову на месяц, я пагадзілася.

Цяпер праблема ў тым, што мне трэба выяжджаць з кватэры, новага жыльля я сабе дазволіць не магу. Паводле часовай дамовы я атрымліваю 600 рублёў. Гэтага ня хопіць на жыцьцё. Хачу папрасіць працадаўцу дазволіць мне працаваць дыстанцыйна. Калі дазволіць, то вярнуся ў Маладэчна, буду адтуль працаваць. Калі гэта будзе немагчыма, то давядзецца звальняцца, буду дармаедкай.

Вось такая ў мяне гісторыя. Хацела высокага заробку, засталася ні з чым».​


Валерыя, арганізатарка фэстываляў: Два месяцы шукала працу

«Апошнія тры гады я займалася арганізацыяй фэстываляў — здымкі, канцэрты, суправаджэньне. Увогуле я амаль усё жыцьцё фрылансэр.

Валерыя. На заднем плане дом, адкуль яны была вымушаная зьехаць

Зімой мне прапанавалі сталую працу, зьвязаную са здымкамі фэстываляў, вядзеньнем канцэртаў. На пачатку сакавіка я пайшла на гутарку. Там мне сказалі, што да канца тыдня дадуць адказ. А яшчэ праз паўтара тыдні, у сярэдзіне сакавіка, пачалі закрывацца межы ў Эўропе. Усе прапановы працы пачалі зьнікаць. У выніку ніхто са мной не зьвязаўся. Зь іншымі праектамі было тое ж. Нехта не выходзіў на сувязь, нехта прасіў прабачыць і казаў, што ў найбліжэйшы час не атрымаецца папрацаваць.

Так я зразумела, што да восені дакладна я „ўсё“. Хіба толькі дробныя падпрацоўкі.

Пасьля гэтага я фактычна два месяцы шукала працу. Ужо зьмірылася, што зноў буду займацца журналістыкай. Што мне нічога ня сьвеціць.
Літаральна на мінулым тыдні знайшла працу кантэнт-мэнэджара ў сфэры ІТ. Пакуль у мяне выпрабавальны тэрмін. Я думаю, мне вельмі моцна пашанцавала. Таму што нават у ІТ-сфэры цяпер ня тое каб ня вельмі шукаюць спэцыялістаў, але нават скарачаюць іх.

Мне давялося зьехаць з кватэры, якую я здымала. Літаральна ўчора гэта зрабіла. Вырашыла паставіць на паўзу гэтую справу, каб выйсьці зь фінансавай ямы. Крыху стаць на ногі, замацавацца. Калі ўсё будзе добра, то празь некалькі месяцаў займуся пошукамі жытла. Цяпер я жыву ў маці.

Валерыя ў дзень ад'езду з кватэры

Ня ведаю, ці вярнуся да арганізацыі канцэртаў і фэстываляў, калі ўсё гэта скончыцца. Пакуль я працую ў новай сфэры, мне цікава і падабаецца. Ёсьць чаму вучыцца і куды расьці.

Я даўно думала, што дыстанцыйная праца ніколі не бывае лішняй, хоць бы для падстрахоўкі. Апошнія падзеі пацьвердзілі мае здагадкі цалкам. Таму кідацца зноў некуды плянаў няма. Прынамсі пакуль».

Аляксандар, музыка: Магчыма, канцэртаў увогуле больш ня будзе​

«У нас гурт, іграем кавэры. Пакуль летнія замовы, зробленыя яшчэ зімой, не адмяніліся. Але вось красавік, травень — усё адмянілі. На жаль, мы засталіся бяз працы. Працавалі шмат гадоў, і тут такое.
Адмены пачаліся з канца сакавіка. Напрыклад, мы павінны граць на вясельлі, а туды проста не змаглі прыяжджаць госьці. Таксама людзі пераглядаюць свае выдаткі, бюджэт. Уразаецца ўсё, пляцоўкі адмяняюць імпрэзы. У нас яшчэ не настолькі дрэнная сытуацыя, як у тых, хто прывязаны да канкрэтнага рэстарана альбо кавярні — цяпер такія гурты ўвогуле без працы.

Аляксандар на рэпетыцыі кавэр-гурта “Ё-гурт”

У нас пяць чалавек у гурце, займаюцца хто чым. Я даю прыватныя ўрокі, займаюся ўнутраным турызмам. Так атрымалася сёлета, што замежны турызм заглух, і я зразумеў, што можна скарыстацца. Я маю атэстацыю гіда-экскурсавода пры Нацыянальным агенцтве турызму. Мы з партнэркай рыхтуем тур па Беларусі, другі месяц ужо займаемся гэтым, возім групы. Яшчэ адзін удзельнік гурту мае свой бізнэс, яго сытуацыя з каранавірусам таксама закранула. Іншыя — выкладчыкі музыкі. Таксама неяк выкручваюцца.

Я страціў фінансава, вядома. Акрамя кавэраў, я яшчэ граю ў двух аўтарскіх праектах — у групах «РСП» і «Мутнае вока». Натуральна, у нас былі заплянаваныя сольныя канцэрты. Адзін давялося рабіць онлайн. Мы нічога не зарабілі ўвогуле, хоць маглі б зарабіць нядрэнную суму, калі б канцэрт адбыўся, як звычайна.

Кавэр-гурт “Ё-гурт”

Што далей будзе? Наш кавэр-гурт, я думаю, страціць каля 40% пастаянных замоваў. У нас мэтавая аўдыторыя — людзі сярэдняга прыбытку. Мы ня вельмі шмат каштуем, людзі могуць сабе дазволіць. Але на Новы год, напрыклад, мы можам застацца ўвогуле бяз працы. Новых замоваў ня будзе. У людзей скончацца грошы, і яны перастануць карыстацца паслугамі музыкаў.

Пра іншыя гурты, у якіх я ўдзельнічаю, таксама не магу сказаць дакладна. Канцэрты некалі адновяцца, але мы цяпер страчваем пляцоўкі, яны могуць закрыцца назаўсёды. Мала хто пасьля гэтага выжыве. Аўтарскія праекты будуць існаваць, але трэба будзе пераглядаць матывацыю. Для каго гэта ўсё рабіць? Магчыма, канцэртаў увогуле больш ня будзе. Усё пяройдзе ў онлайн-пляцоўкі».

Канстанцін, дырэктар турфірмы: Цяпер у мяне нічога няма​

«Фірма мне асабіста належыць. Я яе купіў у кастрычніку 2019 году. Раней вучыўся, атрымліваў спэцыяльнасьць. У 2018 годзе скончыў Горадзенскі ўнівэрсытэт, яшчэ раней турызму вучыўся ў менскім каледжы прадпрымальніцтва.

Канстанцін

Праз каранавірус сытуацыя такая, што зваротаў ад кліентаў няма зусім. Асноўная цяжкасьць у тым, што фірма цяпер ня мае прыбытку, за кошт якога можна было б аплочваць арэнду памяшканьня.

Я даўно хацеў займець сваю справу. Спачатку зьбіраўся сам адкрываць турфірму. Але калі зьвярнуўся ў службу занятасьці, там мне адмовілі ў дапамозе. Сказалі, што ў мяне няма досьведу ў гэтым кірунку і калі справа праваліцца, то маім бацькам давядзецца выплочваць атрыманыя на бізнэс грошы.

У выніку мне бацька дапамог. Купілі фірму, патрацілі 6000 рублёў. Шмат спраў было, наладжвалі працу. Але нават супрацоўнікаў не пасьпелі наняць.

Канстанцін у офісе сваёй фірмы

Складана сказаць, што далей. Стараюся арыентавацца па сытуацыі, па навінах. Сачу, як хто карантын зьмякчае, пакуль чакаем адкрыцьця межаў. Можа, летам гэта адбудзецца. Калі не ў пачатку лета, то хаця б у сярэдзіне. Магчыма, у ліпені. Дасьць Бог, сытуацыя будзе лепшай.

Раней у мяне была некаторы час падпрацоўка, але ад таго, што даводзілася шмат займацца справамі фірмы, вымушаны быў пакінуць тое месца. Цяпер у мяне нічога няма. Займаюся рознымі справамі, не зьвязанымі з працай. Дакумэнты пераафармляем, дамоўленасьці на турыстычны сэзон. Турапэратары дасылаюць паведамленьні, што трэба працягваць дамовы на новы сэзон. Пакуль гэта раблю».