100 гадоў таму нарадзіўся Караль Вайтыла, які стаў папам Янам Паўлам ІІ. Ён прыйшоў на сьвет 18 траўня 1920 году ў Вадавіцах пад Кракавам. На радзіме яго лічаць адным з самых значных палякаў XX стагодзьдзя.
Свабода сабрала 10 фактаў пра сувязі пантыфіка зь Беларусьсю.
Архітэктар структураў касьцёла ў Беларусі
Ян Павал ІІ аднавіў структуры каталіцкага касьцёла ў Беларусі і заснаваў новыя дыяцэзіі — Менска-Магілёўскую, Горадзенскую і Віцебскую, прызначыў першых беларускіх біскупаў.
У 1989 годзе першым апостальскім адміністратарам для католікаў Беларусі стаў цяперашні мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У Горадні адчынілася Вышэйшая духоўная сэмінарыя.
У 1993 годзе пантыфік прызначыў першага апостальскага нунцыя ў Беларусі — Габрыэля Мантальва Ігеру. Той выконваў свае функцыі, знаходзячыся ў Ватыкане. У наступным годзе папа прызначыў першага нунцыя, які накіраваўся ў Менск, — арцыбіскупа Агастына Маркету.
У тым жа годзе Ян Павал ІІ надаў сан кардынала Казіміру Сьвёнтэку. Той стаў першым і пакуль адзіным кардыналам у гісторыі каталіцкага касьцёла Беларусі.
Двойчы на год публічна прамаўляў па-беларуску
Ян Павал ІІ стаў першым пантыфікам у гісторыі, які пачаў зьвяртацца да беларускіх вернікаў па-беларуску ў сваіх сьвяточных віншаваньнях з нагоды Вялікадня і Нараджэньня Хрыстовага, а таксама падчас сустрэч з дэлегацыямі беларусаў.
Упершыню гэта адбылося на Каляды 1978 году, калі Беларусь яшчэ была ў Савецкім Саюзе.
«Дарагія беларусы! Вясёлых калядных сьвятаў», — упершыню ў гісторыі галава Касьцёла гаварыў па-беларуску. Зычэньні пантыфіка трансьлявала Ватыканскае радыё.
Звароты па-беларуску сталі традыцыяй. Відэа дзьвюх сустрэч зь беларускімі дэлегацыямі апублікавала сёньня Беларуская служба Ватыканскага радыё. У 1995 годзе на пляцы Сьвятога Пятра Ян Павал ІІ прамаўляў да дзяцей з Чарнобыльскай зоны.
І відэа з аўдыенцыі ў 1998 годзе.
Сем кніг Яна Паўла ІІ выйшлі па-беларуску
Дзякуючы пісьменьніцы і перакладчыцы Хрысьціне Лялько сем кніг Яна Паўла ІІ можна прачытаць па-беларуску. Першай стала кніга «Пераступіць парог надзеі», затым былі «Дар і таямніца», «Устаньце, хадзем», а таксама энцыклікі, гаміліі і вершы папы. Апошняй стала «Памяць і самасьвядомасьць» — кніга пра павагу да айчыны, мовы, гісторыі.
«Лічу вялікаю Божаю ласкаю магчымасьць працаваць з тэкстамі гэтага вялікага папы і двойчы зь ім асабіста сустрэцца, а таксама атрымаць яго апостальскае благаслаўленьне на нашу рэдакцыйна-выдавецкую працу. На ўсё жыцьцё запомніла яго словы, якія ён прамовіў, пабачыўшы першыя нумары часопіса „Аve Maria“: „Як жа гэта важна, што вы маеце ўжо каталіцкі друк на роднай мове...“. Сустрэчы тыя былі ў 1994 і ў 1995 гадах, а служылі і служаць падтрымкаю і матывацыяй у працы ўжо чвэрць стагодзьдзя», — сказала ў размове са Свабодай Хрысьціна Лялько.
Папа і беларускія грэка-каталікі
У 1990 годзе папа прыняў у Ватыкане айца Яна Матусевіча. Той стаў першым сьвятаром адроджанай уніі ў Беларусі, адным зь першых у 1988 годзе пачаў служыць сьвятую імшу на беларускай мове, а таксама пачаў удзяляць хрост ва ўсходнім абрадзе.
У 1994 годзе папа прызначыў айца Сяргея Гаека апостальскім візытатарам «ad nutum Sanctae Sedis» для грэка-католікаў у Беларусі.
Пра сваю сустрэчу зь Янам Паўлам ІІ у Ватыкане ў 1997 годзе ў гутарцы са Свабодай узгадаў рэдактар уніяцкага часопіса «Царква» Ігар Бараноўскі. Разам зь ім і на агульнай, і на прыватнай аўдыенцыі зь Янам Паўлам ІІ прысутнічалі архімандрыт Гаек, айцец Ігар Кандрацьеў і тагачасны студэнт-гісторык, а сёньня горадзенскі ўніяцкі сьвятар Андрэй Крот.
«Для мяне асабіста яго навука і жыцьцёвы прыклад служэньня людзям, яго непасрэднасьць, аптымізм і гумар, якія я бачыў тады на аўдыенцыі, калі ён ужо быў старэнькі і хворы, сталі моцным сьведчаньнем на ўсё жыцьцё. Асабліва нечакана і кранальна было даведацца ад грамадзкага актывіста Сяргея Бахуна, што яго бабуля, якая жыла на Заходнім Палесьсі, дзе ў міжваенны час была ўніяцкая парафія, была, нягледзячы на скасаваньне Уніі пасьля вайны, адданай уніяткай, мела невялікі партрэт-абразок з папам Янам Паўлам ІІ. Бабуля вельмі шанавала папу многія гады».
Бэатыфікаваў сьвятароў і манахіняў зь Беларусі
У чэрвені 1999 году Ян Павал II бэатыфікаваў (залічыў да ліку блаславёных) росіцкіх сьвятароў-пакутнікаў — Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча. У лютым 1943 году нацысты сабралі жыхароў Росіцы ў касьцёл, частку адправілі ў канцлягеры або на прымусовыя работы, а астатніх загналі ў стайню і спалілі. Нацысты былі гатовыя захаваць жыцьцё сьвятарам, але тыя адмовіліся пакідаць сваіх парафіянаў і прынялі разам зь імі пакутніцкую сьмерць.
У 2005 годзе Ян Павал ІІ залічыў да ліку блаславёных 11 наваградзкіх мучаніц. Гаворка пра манахіняў, якія ў 1943 годзе зьвярнуліся да гестапа, каб ахвяраваць сваё жыцьцё ўзамен на 120 чалавек, арыштаваных і прызначаных да расстрэлу. Усе гэтыя 120 чалавек у выніку перажылі вайну, а сёстраў арыштавалі і 1 жніўня без суду і выраку расстралялі.
Ягоны фонд дапамагае студэнтам зь Беларусі
У 1981 годзе папа стварыў ватыканскі фонд, мэтай якога было пашырэньне хрысьціянскай культуры і каштоўнасьцяў, які пазьней атрымаў яго імя. Адной з задачаў фонду Яна Паўла ІІ былі стыпэндыі для духоўных і сьвецкіх асобаў, якія жадаюць здабываць адукацыю ў каталіцкім унівэрсытэце, расказвае Свабодзе ксёндз Павал Эйсмант, які ў 2000-х атрымаў адукацыю дзякуючы папскаму фонду.
«У СССР не было магчымасьці атрымаць адукацыю ў каталіцкім унівэрсытэце. Папа хацеў, каб людзі з Усходняй Эўропы маглі вучыцца прынамсі ў Польшчы і потым гэтыя веды прывозіць у свае краіны. Для гэтага быў абраны Люблінскі каталіцкі ўнівэрсытэт, дзе калісьці выкладаў сам Караль Вайтыла. Стыпэндыі студэнтам давалі ня толькі на навуку, але і на пражываньне».
У 1990 годзе папа прызначыў першыя 50 стыпэндый для грамадзян СССР. З таго году гэтай стыпэндыяльнай праграмай карыстаюцца тысячы маладых людзей з постсавецкай прасторы.
«Зь Беларусі за гэты час фонд дапамог амаль тысячы студэнтаў. Яны ў Любліне атрымліваюць ня толькі веды, але і хрысьціянскія каштоўнасьці. А адукацыю там можна атрымаць самую розную — ад дызайну, эканомікі, журналістыкі, псыхалёгіі да адміністрацыі і тэалёгіі. У 1994 годзе быў збудаваны адмысловы дом для студэнтаў з розных краін. Вядома, пасьля атрыманьня адукацыі нехта застаецца ў багацейшай Польшчы, але многія вяртаюцца ў свае краіны».
Прыняў на асабістай аўдыенцыі Рыгора Барадуліна
У чэрвені 2004 году Ян Павал ІІ прыняў на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Пісьменьнік прыбыў у Рым у адмысловай пілігрымцы, каб уручыць папу свой пераклад «Рымскага трыптыху», які выдалі пры дапамозе беларускай грэка-каталіцкай царквы.
Пераклад гэтага вялікага паэтычнага твора Караля Вайтылы Рыгор Барадулін падрыхтаваў яшчэ да 25-годзьдзя пантыфікату Яна Паўла ІІ (2003 год).
Рыгор Барадулін быў вернікам Менскай грэка-каталіцкай парафіі Сьвятога Язэпа. Падчас аўдыенцыі папа Рымскі папрасіў Барадуліна перадаць яго апостальскае блаславенства ўсім прадстаўнікам беларускай інтэлігенцыі, якія працуюць для разьвіцьця беларускай хрысьціянскай культуры.
Ніколі ня быў у Беларусі, але марыў наведаць Сьвіцязь
Папа Ян Павал ІІ стаў першым пантыфікам, які пачаў шмат езьдзіць па сьвеце. Ён зьдзейсьніў больш за 120 замежных паездак, наведаў больш за тысячу гарадоў, але так ніколі і ня трапіў у Беларусь.
Падчас аўдыенцыі з папам у сярэдзіне 90-х Хрысьціна Лялько запрасіла Яна Паўла ІІ наведаць Беларусь. Папа падзякаваў і сказаў, што даўно марыць ступіць на беларускую зямлю.
На аўдыенцыях для беларусаў ён ня раз казаў, што марыць наведаць возера Сьвіцязь, і жартам дадаваў, што гэта стане галоўнай умовай ягонага візыту.
Не сустракаўся з Лукашэнкам
Аляксандра Лукашэнку прымалі ў Ватыкане папы Бэнэдыкт XVI і Францішак. Але зь Янам Паўлам ІІ Лукашэнка ніколі не сустракаўся.
22 жніўня 2002 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што лічыць магчымым візыт у Беларусь папы Рымскага, каб на тэрыторыі Беларусі маглі сустрэцца кіраўнікі рымска-каталіцкай і праваслаўнай цэркваў.
«Я думаю, што недалёка той час, калі я з задавальненьнем змагу прыняць тут, на тэрыторыі Беларусі — а гэта сапраўды-такі скрыжаваньне, і я быў бы прыхільнікам таго, каб тут сустрэўся наш патрыярх і кіраўнік рымска-каталіцкай царквы. Я чакаю іх абодвух у Беларусі», — сказаў Лукашэнка.
На наступны дзень прэс-сакратар Беларускага экзархату заявіў, што сустрэча патрыярха Маскоўскага і папы Рымскага магчымая толькі пры выкананьні Ватыканам шэрагу ўмоў і патрабаваньняў з боку Маскоўскага патрыярхату. Патрабаваньні патрыярхату тычыліся ў першую чаргу палітыкі уніі і распаўсюду каталіцызму на кананічнай тэрыторыі расейскага праваслаўя, да якіх Масква залічвае і Беларусь.
Помнікі Яну Паўлу ІІ у Беларусі
У Беларусі больш за дзесяць помнікаў Яну Паўлу II. Іх пачалі ўсталёўваць адразу пасьля сьмерці пантыфіка, звычайна каля касьцёлаў.
Першы зь іх зьявіўся ў вёсцы Мосар. Таксама Караля Вайтылу, якога каталіцкі касьцёл прызнаў сьвятым, ушанавалі помнікамі ў Валожыне, Маладэчне, Нарачы, Віцебску, Докшыцах, Мёрах, Шуміліне, Івянцы, Берасьці, Магілёве, Ракаве, Менску.