Калі заражаныя людзі выкарыстоўваюць ліфт, яны, верагодна, пакідаюць пасьля сябе вірус на паверхнях і ў паветры. Але калі вы надзенеце маску і памыеце рукі пасьля ліфта, то моцна зьнізіце рызыку заражэньня, піша амэрыканская газэта The New York Times.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Людзі, якія жывуць альбо працуюць у высокіх будынках і карыстаюцца ліфтамі, маюць страх заразіцца каранавірусам. Сапраўды, нават калі можна пазьбегнуць паездкі ў ліфце зь іншымі людзьмі, то можна мець кантакт зь мікробамі, якія людзі пакідаюць пасьля сябе.
«Ліфт — справа складаная», — кажа Лінсы Мар, навуковец у галіне аэразоляў у Тэхналягічным унівэрсытэце штату Вірджынія. Большасьць ліфтаў не настолькі вялікія, каб людзі маглі разьмясьціцца на адлегласьці 1,5-2 мэтры, таму ёсьць верагоднасьць, што заражаныя пасажыры могуць перадаць вірус. Асабліва калі іх твары не закрытыя, яны кашляюць, размаўляюць альбо проста прыйшлі з прабежкі і цяжка дыхаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: ці трэба пераапранацца і прымаць душ, калі мы прыходзім з вуліцы
Але нават калі вы едзеце на ліфце без спадарожнікаў, вы можаце падчапіць каранавірус, хаця рызыка нізкая. Кнопкі ліфтаў і бакавыя сьценкі могуць стаць крыніцай заразы, калі вы дакраняцеся да іх, а пасьля да твару.
А вось што з паветрам у ліфце? Ці можна набрацца мікробаў, дыхаючы паветрам ліфта, дзе ехаў заразны пасажыр?
Рычард Корсы, дэкан інжынэрных і інфармацыйных навук дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Портлэндзе і спэцыяліст у галіне якасьці паветра ў памяшканьнях, паставіў некалькі спэцыяльных экспэрымэнтаў з выкарыстаньнем прынцыпаў тэхнікі і мэханікі вадкасьці. Ён кажа што ўлічваючы разнастайнасьць ліфтаў і будынкаў, існуюць тысячы сцэнарыяў, якія даюць розныя вынікі.
Якога памеру ліфт? Як хутка ліфт едзе паміж паверхамі? Як доўга дзьверы застаюцца адчыненыя? Ці ёсьць у ліфта сыстэма вэнтыляцыі? Гэта толькі некаторыя аспэкты, якія могуць моцна зьмяніць агульную карціну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: ці можна заразіцца праз адзеньне, на якое ён асядае
Экспэрымэнты паказалі, што некаторая колькасьць часьцінак вірусу можа заставацца ў паветры ў кабіне ліфта. Але разам з тым навукоўцы дагэтуль ня ведаюць дакладна, колькі вірусных часьцінак трэба для таго, каб чалавек заразіўся — адна або, напрыклад, некалькі тысяч.
«Я ня ведаю, ці будзе доза ў ліфце досыць высокай, каб стварыць значную небясьпеку, але я хутчэй пайду па лесьвіцы, калі гэта магчыма» — падсумоўвае прафэсар Рычард Корсы.
Тым ня менш, многія спэцыялісты ў інфэкцыйных хваробах ня лічаць, што паветраныя часьцінкі ў пустых ліфтах ствараюць значную небясьпеку ў рэальным жыцьці, калі гаворка ідзе пра каранавірус.
Доктар Ілан Шварц, дацэнт катэдры інфэкцыйных хваробаў унівэрсытэт Альбэрты адзначыў, што нават калі чалавек з COVID-19 жыве ў цесных памяшканьнях зь іншымі членамі хатняй гаспадаркі, узровень заражэньня ацэньваецца прыблізна ад 10 да 20 адсоткаў. Гэта нашмат менш, чым, напрыклад, рызыка захварэць на адзёр праз кантамінаванае паветра, якая складае ад 75 да 90 адсоткаў, кажа доктар Шварц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: ці варта дэзынфікаваць абутак
Магчыма, што часьцінкі каранавірусу могуць заставацца ў паветры ліфта на працягу пэўнага часу, але у рэальным жыцьці большасьць заражэньняў адбываецца праз блізкі кантакт з хворым чалавекам, які кашляе або выдыхае вірусы ў вашай прысутнасьці.
«Мы ведаем, што некалькі дробных часьцінак могуць застацца ў паветры, але эпідэміялёгія не падтрымлівае гэты спосаб перадачы як важны», — сказаў д-р Шварц. «Магчыма, рызыка заразіцца ў ліфце больш зьвязана з націсканьнем кнопак, чым кантактам з паветрам, якое ўдыхаў і выдыхаў чалавек, што ехаў у ліфце раней».
Выйсьце для тых з нас, хто павінен выкарыстоўваць ліфты, — прыняць наступныя меры засьцярогі:
- Па-першае, калі гэта магчыма, трэба пазьбягаць язды з іншымі людзьмі.
- Па-другое, заўсёды ў ліфце трэба мець на твары маску, нават калі вы едзеце ў адзіноце — маска дапаможа абараніць вас ад апошняга пасажыра і абароніць наступнага пасажыра ад вашых мікробаў.
- Па-трэцяе, трэба пазьбягаць дотыкаў да твару пасьля дакрананьня да кнопак ліфта, а потым трэба памыць рукі.
- Па-чацьвёртае, калі вы маеце ехаць зь іншымі людзьмі, не ўваходзьце ў ліфт у тым выпадку, калі ўнутры ня ўсе маюць маску на твары.