Паводле вынікаў І кварталу 2020 году Беларусь экспартавала ў суседнія краіны каля 403,5 мільёна кіляват-гадзін электраэнэргіі на 20,2 мільёна даляраў, паведамляе БелаПАН са спасылкай на зьвесткі Белстату.
У першыя 3 месяцы 2019 году за мяжу было пастаўлена каля 517,9 млн кВт·г беларускай электрычнасьці на 27,7 млн даляраў — амаль на 22% працэнты больш, чым сёлета.
За сакавік 2020 году экспартавалі каля 77 млн кВт·г электрычнасьці — на 52% менш, чым у сакавіку 2019 году (161 млн кВт·г).
Такое рэзкае падзеньне экспарту зьвязанае са значным скарачэньнем паставак у Літву, праз тэрыторыю якой беларуская электрычнасьць паступае на біржу Nord Pool — найбуйнейшы электраэнэргетычны рынак Паўночнай Эўропы і краінаў Балтыі. Калі ў сакавіку 2019 году ў Літву было накіравана 161,6 млн кВт·г электраэнэргіі, то ў сакавіку 2020-га — 69,3 млн, або амаль на 57% менш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 пытаньняў пра Беларускую АЭС. Некаторыя застаюцца без адказаўСакавіцкі экспарт электрычнасьці ва Ўкраіну ў параўнаньні з сакавіком 2019 году вырас у 60 разоў — са 128,9 тысячы кВт·г да амаль 7,9 мільёна, але ў першым квартале 2019 году ва Ўкраіне яшчэ не працаваў новы электраэнэргетычны рынак, які дазволіў замежным вытворцам электрычнасьці прадаваць яе ўкраінскім кампаніям-трэйдэрам.
8 красавіка Ўкраіна часова прыпыніла імпарт электраэнэргіі зь Беларусі і шэрагу іншых дзяржаў у сувязі з пандэміяй COVID-19, а 8 траўня — цалкам адмовілася ад паставак электраэнэргіі зь Беларусі на 2020 год.
Паколькі ў лютым краіны Балтыі абавязаліся падпісаць дэклярацыю аб намерах не купляць электраэнэргію з Астравецкай АЭС, пытаньне, куды будзе прадавацца электраэнэргія зь Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы, застаецца адкрытым. Пуск першага энэргаблёку БелАЭС заплянаваны на лета 2020 году (не раней за ліпень).