Размаўляем зь Янам Чыквіным зь Бельску на Падляшшы — паэтам, перакладнікам, дасьледнікам беларускай літаратуры, старшынём Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа» ў Польшчы. Яну Чыквіну сёньня спаўняецца 80 гадоў.
— З вашага дазволу, я б пачаў нашу размову з асабістага пытаньня. Як вы сябе адчуваеце напярэдадні свайго 80-гадовага юбілею? Пытаю ня столькі пра вашу фізычную кандыцыю, колькі пра ваш — як тут сказаць? — мэнтальны настрой. Вы пражылі 80 гадоў, што далёка ня кожнаму дадзена, і што вы цяпер думаеце пра гэтае жыцьцё, ці варта было жыць?
— (Сьмяецца.) Ну так, вы пачалі зь філязофскага пытаньня… Сам я, відаць, не змагу адказаць на гэтае пытаньне ніколі. Як думаю, ёсьць пэўная зьнешняя вага, у дачыненьні і да мяне, і да кожнага іншага чалавека, якая мерае, ці варта было гэтаму чалавеку жыць, ці не. Мне самому быць адначасова і тым чалавекам, і яго вагою — гэта як бы несумяшчальна. Няхай іншыя скажуць, ці варта…
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьціплы чар правінцыі. 13 беларускіх кніг з Польшчы, пра якія варта ведаць— Каго вы канкрэтна маеце на ўвазе, кажучы пра гэтую зьнешнюю вагу? Сям’ю? Знаёмых і сяброў? Вашых чытачоў?
— Добрая падказка. Гэтыя ўсе людзі, што вы назвалі, яны і зьяўляюцца такімі вагамі. Таму што вага ў жыцьці не адна — іх шмат, і яны ствараюць агульную карціну чалавека.
Але калі перайсьці з гэтага філязофскага ўзроўню на больш жыцьцёвы, я сказаў бы вось што. Я прывёў бы тут словы Сакрата Яновіча, які пад канец свайго жыцьцё часта паўтараў: «Я зьдзіўляюся, што я яшчэ жыву». І ў маім выпадку ёсьць адчуваньне, што я ўжо не належу да гэтага часу так, як я належаў да свайго часу, калі мне было васямнаццаць, дваццаць, трыццаць ці нават сорак гадоў. Я ўжо існую па-за нейкім часам. У гэтым цяперашнім часе — ужо не маім, ужо чужым для мяне — хто я ў ім? Назіральнік, хутчэй. Хутчэй той, хто стаіць пры другім беразе часу, а той першы бераг, аддзелены плыньню, ужо недаступны мне.
— Пахваліцеся, калі ласка. Калі я вас папрашу сфармуляваць у трох пунктах, што вы лічыце сваімі найважнейшымі ці найбольш істотнымі дасягненьнямі ў жыцьці, то што вы назавяце? То бок гэта такое ўдакладненьне да майго папярэдняга пытаньня — дзеля чаго варта было жыць?
— І на гэтае пытаньне досыць рызыкоўна адказваць самому аўтару…
— Аўтары заўсёды маюць сваё меркаваньне наконт таго, што лічыць найлепшым у сваёй творчасьці. Хоць далёка не заўсёды гэтае меркаваньне можа супадаць зь меркаваньнямі чытачоў. Таму я думаю, што вы не павінны баяцца адказаць на гэтае пытаньне…
— Я думаю, што на нейкі час застанецца жменька пяску, то бок жменька вершаў, якія, магчыма, будуць мець прадаўжэньне ў памяці наступных пакаленьняў.
Калі гаварыць пра навуковую дзейнасьць, то ў мяне ёсьць кніга пра літаратуру беларускай эміграцыі. Я вельмі рады, што мог пра гэтую літаратуру напісаць, пра Янку Юхнаўца, Масея Сяднёва, Натальлю Арсеньневу.
Ну, а калі гаварыць пра нейкія арганізацыйныя справы і грамадзкае жыцьцё, дык калегі абралі мяне ў свой час старшынём Літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа», якое мае ўжо шэсьцьдзесят з гакам гадоў. Гэтая арганізацыя ўвесь час адлюстроўвае духоўны воблік і мэнталітэт беларускага народу, які больш, чым народ у савецкай Беларусі, перахаваў ген беларускасьці. Гэта для мяне вельмі істотная справа. Я вельмі шкадую, што пачынальнікі «Белавежы» ўжо адышлі ў лепшы сьвет, а тыя, што яшчэ жывуць — я маю на ўвазе перш за ўсё Алеся Барскага і Віктара Шведа — пішуць вельмі мала або ўжо перасталі пісаць…
— А вы пішаце?
— Пішу. Я сам зьдзіўляюся, што яшчэ пішу. У гэтым годзе або ў наступным выйдзе новы зборнік маіх вершаў.
— Добрая навіна! Вы сказалі пра 60 з гакам гадоў «Белавежы». Ці не прыгадалі б вы той момант з 1958 году, калі адбыўся ўстаноўчы зьезд гэтага аб’яднаньня, у якім вы ўдзельнічалі? Ці помніце вы той дзень?
— Помню. Уражаньне ад гэтага часу засталося толькі добрае. Георгій (Юрка) Валкавыцкі (галоўны рэдактар беластоцкай «Нівы» ў 1956–1987 гг. — РС), які быў арганізатарам і стваральнікам аб’яднаньня, паводзіў сябе вельмі прыгожа. Ён — хоць і быў выпускніком Літаратурнага інстытуту ў Маскве і на той час ужо публікаваўся — адносіўся да нас, пачаткоўцаў, як да сяброў і калегаў, роўных яму. І гэтае добрае ўражаньне заставалася і далей.
Валкавыцкі ніколі не даваў нам адчуць, што ён стае ў позу настаўніка. Калі яму нешта не падабалася ў тэксьце, ён таго не выкрэсьліваў, а ішоў на размову з аўтарам, у якой прапаноўваў падказкі і папраўкі. Несумненна, ён быў тым, хто ўдыхнуў у нашу косную матэрыю дух творчасьці. Без Валкавыцкага не было б «Белавежы», і гэтыя творчыя задаткі, якія тады былі расьцярушаныя па Беласточчыне, не аб’ядналіся б.
— Калі я вам запрапаную глянуць на гісторыю «Белавежы» зноў жа праз прызму найважнейшых яе дасягненьняў, і ў камуністычны час, і ў посткамуністычны, то што вы скажаце? Чаго дабілася літаратурнае аб’яднаньне за гэтыя 60 гадоў, палову зь якіх яно прайшло пад вашым кіраўніцтвам?
— У нас у аб’яднаньні не адчувалася падзелу на камуністычны і посткамуністычны час, не адчувалася такой мяжы. Я шмат разоў гаварыў сваім калегам на літаратурных сустрэчах і сэмінарах, што тыя палітычныя ідэі, якія яны вызнаюць, яны павінны маніфэставаць не ў арганізацыйным жыцьці аб’яднаньня, а ў сваіх літаратурных тэкстах.
«Белавежа» мае чым пахваліцца. Спэктар жанраў і тэматыкі твораў у нас самы разнастайны. Усяго немагчыма прыгадаць, я назаву толькі некалькі прозьвішчаў: Янка Жамойцін з успамінамі з Гулагу; проза Мікалая Гайдука зь яго міталягізацыяй беларускай гісторыі; проза Георгія Валкавыцкага, асабліва яго кніга «Ў каменным крузе», успамін пра яго побыт падчас вайны ў Кёнігсбэргу; само сабой зразумела, празаічная творчасьць Сакрата Яновіча; «марская» проза «Пакуль зьмеркне дзень» Віктара Стахвюка; проза Міры Лукшы; проза Міхася Андрасюка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чароўная безнадзейнасьць правінцыі— Вы тут назвалі або прозьвішчы аўтараў са свайго пакаленьня, або, у выпадку Міры Лукшы і Міхася Андрасюка, аўтараў з майго пакаленьня, якім сёньня ўжо таксама больш за 60 гадоў. А калі паглядзець наперад — як вы ацэньваеце будучыню беларускай літаратуры ў Польшчы? Ёсьць яшчэ творчы патэнцыял ці, можа, мастацкае беларускае слова ўжо спакваля памірае, бо няма маладой пісьменьніцкай зьмены на Падляшшы?
— Пытаньне вельмі складанае. Адказ на яго залежыць ад таго, зь якой адлегласьці глядзець на праблему. З аддаленасьці выглядае, што як бы ўсё ў парадку, але зблізку — карціна не такая радасная. Таму што перакрытыя дарогі ў «Белавежу» няправільнай працай з маладымі. Ёсьць у ліцэях маладыя людзі, якія спрабуюць пісаць, якія бяруць удзел у літаратурных конкурсах тыднёвіка «Ніва», але зь імі няма працы. На маю думку, тут вядзецца вельмі дрэнная палітыка.
Конкурс — добрая справа, але чаму ўжо 20 ці нават 30 гадоў над творамі маладых людзей нахіляюцца нязьменна толькі дзьве тыя самыя асобы? І я пытаюся — ці з гэтых конкурсаў праявілася хоць адна творчая індывідуальнасьць? Чаму тыя конкурсы ня маюць завяршэньня ў выглядзе кніжнага дэбюту самых здольных маладых аўтараў? Усё канчаецца на раздачы ўзнагарод падчас падсумаваньня конкурсу. І да пабачэньня, мы вас ня ведаем, мы ня хочам з вамі гаварыць…
Другая няправільная палітыка закладзеная ў саміх ліцэях. Ліцэі, якія ў ранейшых дзесяцігодзьдзях былі сапраўды беларускімі ліцэямі, зь беларускім духам, цяпер гэтага духу ня маюць. Дырэктар аднаго з гэтых ліцэяў сказаў, што тыя выпускнікі, якія выбіраюць гуманітарную адукацыю, — гэта другасортныя людзі, гэта слабейшыя людзі ў параўнаньні з тымі, што выбіраюць тэхнічную адукацыю. І заўважце, што гэтыя беларускія ліцэі (але ўжо беларускія толькі з назвы) перасталі даваць выпускнікоў на беларускую філялёгію ва ўнівэрсытэтах. Узьнікае пытаньне — што здарылася з гэтымі ліцэямі? Чаму няма такой палітыкі, якая была раней?
— Калі паглядзець на беларускую літаратуру, так сказаць, з вышыні птушынага палёту, зь якой відаць і Беларусь, і наша Падляшша, то ці бачыце вы нешта істотна агульнае — акрамя, зразумела, мовы — паміж гэтымі літаратурнымі тэрыторыямі? Нейкі агульны корань ці нейкую агульную сарцавіну, паводле якой вызначаецца якраз беларускасьць гэтай літаратуры, а не, скажам, яе польскасьць, ці расейскасьць, ці савецкасьць?
— Сапраўды, калі паглядзець з такой пэрспэктывы, нас яднае толькі мова і пэўныя вельмі агульныя, я сказаў бы, адцягненыя сантымэнты ці паняцьці. Я лічу, што сябры Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа» стварылі такі фрагмэнт літаратуры, які непадобны ні на польскую літаратуру, ні на беларускую ў Беларусі. І адначасова — мы стварылі нешта падобнае на тую тамтэйшую беларускую літаратуру, і на польскую. Вось гэтае парадаксальнае сьцьвярджэньне, па-мойму, найлепш характарызуе нашу тутэйшую беларускую літаратуру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская літаратура, якая толькі пачалася— Вы сказалі пра агульнасьць мовы. У сувязі з гэтым на заканчэньне ў мяне зьявілася яшчэ такое пытаньне. У нашым стагодзьдзі выразна абазначылася тэндэнцыя скарыстаць падляскія гаворкі як для журналісцкіх патрэбаў, так і для літаратурнай творчасьці. Што вы думаеце пра гэтую тэндэнцыю? Кажучы канкрэтна, вершы і проза на гаворцы без аканьня/яканьня і дзеканьня/цеканьня — гэта беларуская літаратура ці якая-небудзь іншая? І ці мае такая творчасьць нейкі шанец на разьвіцьцё?
— Дыялектная мова, тутэйшая мова для празаіка — неацэнны скарб. Таму што яна дае магчымасьць характарызаваць сваіх герояў вельмі дакладна, ня толькі празь дзеяньні, але і праз выказваньні. Для паэта, я думаю, гэта непрыдатна. Паэт павінен услухоўвацца ў нацыянальныя коды, павінен ведаць гэтыя коды, а мова павінна быць агульнапрынятая. Графіка ці правапіс могуць быць тут розныя, але мова павінна быць адзіная. Бо калі мы пяройдзем на дыялекты, то я ня буду разумець, што піша Віктар Стахвюк, а Віктар Стахвюк ня будзе разумець, што піша Зося Сачко.
* * *
Вершы Яна Чыквіна для новай паэтычнай кнігі:
* * *
— Чаму я з жыцьця ня рады?
— Чаму я такі нешчасьлівы? —
Пытаю бліжэйшае Праўды.
А яна, як заўжды, баязьліва
Суне цукерку ды разам фігу —
Вось і ўся яе мудрая кніга.
«Слодыч жыцьця, а ці кукіш —
Сам выбраў…», — ня мовячы кажа.
Калі ж ужо выбраў,
Праўду сказаць той Праўды ня змусіш:
Маўчыць, як бы зубы ёй выбіў!
Або кінуў у рот кошык рыбы.
* * *
У Беластоку колькі доўгіх дзён ня быў,
А прыехаў — як бы ўвайшоў на чужы падворак:
Замест аблокаў горка-млосны дым
Ідэй атрутных і зьедлівых гаворак.
Сябры даўно разьехаліся хто куды —
Адны памерлі, іншыя ўжо ў краіне нэграў,
А мне, каб жыць, гавораць, набяры ў рот вады,
Таму што гаварыць табе, кажуць, нельга…
Не сьвяткуйце перамогу нада мною, пэрсы:
Ня ўсе загінулі бо абаронцы Тэрмапілаў!
Не Герастраты апошнія прысуды вершаць,
Хоць вы ім служыце, дугой сагнуўшы сьпіны.
* * *
Даведка:
Ян Чыквін нарадзіўся 18 траўня 1940 г. у Дубічах Царкоўных (цяпер Падляскае ваяводзтва ў Польшчы). Скончыў русістыку ў Варшаўскім унівэрсытэце. Працаваў унівэрсытэцкім навуковым супрацоўнікам у Беластоку. Пачаў друкавацца ў 1957 годзе на старонках беластоцкай «Нівы». Выдаў паэтычныя зборнікі: «Іду» (1969), «Сьвятая студня» (1970), «Неспакой» (1977), «Сьветлы міг» (1989), «Кругавая чара» (1992), «Сьвет першы і апошні» (1997), «Крэйдавае кола» (2002). Ад 1989 году кіруе Беларускім літаратурным аб’яднаньнем «Белавежа», ад 1990 рэдагуе сэрыю літаратурных выданьняў аб’яднаньня, а ад 1998 — часопіс «Тэрмапілы». Аўтар літаратуразнаўчай кнігі «Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменьнікі замежжа» (1997).