«Ноч музэяў», выдатныя дакумэнталкі і лекцыя пра суднаходзтва. Беларускае жыцьцё онлайн на гэтым тыдні

Ілюстрацыйнае фота

Дзе знайсьці натхненьне і сілы на самаізаляцыі? Сабралі для вас самыя цікавыя онлайн-актыўнасьці на тыдзень з 18 па 25 траўня.

«Літаратары на карантыне»

У праекце Радыё Свабода на працягу наступных месяцаў можна паслухаць і паглядзець чытаньні ад вядомых беларускіх аўтараў — паэтаў, празаікаў, эсэістаў і перакладчыкаў. На гэтым тыдні для вас чытаюць:

  • 19 траўня, 19.00 — Вольга Гронская чытае фрагмэнт раману «Тыль» нямецкага пісьменьніка Даніэля Кельмана ў сваім перакладзе зь нямецкай мовы. Гэтая кніга трапіла ў шорт-ліст міжнароднай прэміі Букера, лёс яе сёлета вырашыцца якраз 19 траўня.
  • 21 траўня, 19.00 — Павал Касьцюкевіч чытае фрагмэнты сваіх твораў «Плян Бабарозы» і «Аўсвайсрусланд-вечарына».
  • 23 траўня, 19.00 — свае новыя вершы чытае Вольга Гапеева.
  • 24 траўня, 19.00 — Сяргей Дубавец чытае і камэнтуе свой пераклад кнігі Станіслава Шумскага «Ў бітвах і вязьніцах». Гэта другі фрагмэнт сэрыі, якая будзе зьяўляцца на каналах Свабоды па нядзелях. Усе чытаньні праходзяць на нашым YouTube канале Свабода Падкасты.

«Бясьпечны LIVE» ад «Арт Сядзібы»

21 траўня ў 20.30 выступіць беларускі пост-панк гурт «Петля Пристрастия» з унікальнай акустычнай праграмай.

Трансьляцыі адбываюцца на Youtube-канале і ў сацыяльных сетках «Арт Сядзібы».

Таксама можна паглядзець і мінулыя выпускі :B:N:, Leibonik, Naka Piano, Палац, Angst, Akute, Лиса, Lear, Мутнаевока, Nürnberg, Алесь-Францішак Мышкевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дай дарогу!», Akute і Shuma выступяць у новым дабрачынным інтэрнэт-праекце

Канцэрт і творчыя майстар-клясы ад полацкага музэю

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музэй-запаведнік прапаноўвае велізарную колькасьць актыўнасьцяў. Пачынаецца ўсё з маленькай відэапаштоўкі з узыходам сонца над Дзьвіной, каб пагрузіць у атмасфэру гораду.

Далей можна паглядзець экскурсію па 11 музэях, што ўваходзяць у комплекс Нацыянальнага музэю-запаведніку.

Навучыцца рабіць традыцыйныя драўляныя цацкі Паазер’я, сплесьці саламянага павука, стварыць рэпліку ўнікальнага экспаната, паглыбіцца ў сьвет графічнага мастацтва і зрабіць лінагравюру, а яшчэ паслухаць канцэрт ад камэрнага аркестра. Усё можна знайсьці тут.

Убачыць і пачуць музычныя інструмэнты Браслаўшчыны

Музэй традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я знаёміць з самымі вядомымі, а таксама найбольш цікавымі інструмэнтамі XIX і XX стст. На выставе прадстаўлена больш за 40 музычных інструмэнтаў: струнныя і духавыя, ударныя і мэмбранныя, а таксама самагучныя.

Выстава сапраўды ўнікальная, бо можна ня толькі ўбачыць, даведацца гісторыю, а яшчэ і пачуць гучаньне старажытных інструмэнтаў.

«Ноч музэяў» ад Нацыянальнага мастацкага і Купалаўскага літаратурнага музэяў

Музэй Янкі Купалы ў Менску

18 траўня з 10.00 будуць адбывацца онлайн-падзеі ў музэі Янкі Купалы. Флэшмобы, віктарыны, адкрыцьцё выставы і віртуальная экскурсія «Таямніцы Купалавага дома», якая пачнецца а 23-й гадзіне. Музэй пакажа рарытэты, якія звычайна схаваныя ад вачэй наведнікаў, і раскрые іх сакрэты.

Усю праграму можна паглядзець тут.

А Нацыянальны мастацкі пачне а 19.00 весьці трансьляцыю, у якой раскажа, як уладкаваныя яго фонды і рэстаўрацыйныя майстэрні, як праводзяцца фізыка-хімічныя дасьледаваньні і атрыбуцыя прадметаў, а таксама пакажа ўнікальныя творы, якія немагчыма ўбачыць у залях музэю.

Трапіць на «Ноч музэяў» можна праз Youtube-канал і сацыяльныя сеткі.

Фотавыстава Андрэя Бортнікава

Беларускі трэвэл-фатограф прапануе ўбачыць Італію, Партугалію, Грузію, Аўстрыю, Індыю і Егіпет, не выходзячы з дому.

Здымкі Андрэя Бортнікава выкарыстоўваюць даведнікі Lonely Planet, часопісы Eos, «Большой», бартавы часопіс Turkish Airlines, у артыкулах National Geographic, Traveler і Discover.

Тыдзень WATCH DOCS Belarus

«Калі ва ўзмоцненай плыні інфармацыйнага шуму вы шукаеце па-сапраўднаму варты ўвагі кантэнт, які здольны пашырыць, а магчыма, і пахіснуць вашу карціну сьвету, то эстэтычная дакумэнталістыка ад WATCH DOCS зробіць сваю справу. Прыцэльныя расьсьледаваньні, блізкія і далёкія пранізьлівыя асабістыя гісторыі на фоне цэлых эпох, вера і бязьвер’е ў чалавецтва, замежная і беларуская дакумэнталістыка, кароткі і поўны мэтар — вам будзе з чаго выбіраць,» — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

10 выдатных дакумэнтальных фільмаў міжнароднага кінафэстывалю будуць даступныя на працягу тыдня, з 21 па 29 траўня, на плятформе VOKA.

Лекцыі пра суднаходзтва на тэрыторыі Беларусі

Цэнтар гарадзкога жыцьця ў Горадні працягвае цыкль «Адкрытыя лекцыі ў часе пандэміі».

Андрэй Вашкевіч

Гісторык Андрэй Вашкевіч у прыгодніцкай відэатрылёгіі расказвае, як на доўгіх і вузкіх буяках, ладзьдзях, стругах, баявых насадах, барлінах, прускіх «ботах», віцінах плытагоны, шкіпэры, флісакі стагодзьдзямі хадзілі па нашых рэках.

Усе відэа можна паглядзець тут.

Літаратурная сустрэча «Санаторый пад клепсыдрай»

Пятую сустрэчу пад назвай «Знойдзеныя ў перакладзе» правядуць Марына Шода і Андрэй Хадановіч.

Марына Шода і Андрэй Хадановіч, архіўнае фота Расы Рыміцкайце

«Вядоўцы прадставяць свой суб’ектыўны рэйтынг польскіх паэтаў, раманістаў і навэлістаў, клясыкаў і сучасных аўтараў дзіцячай літаратуры, найцікавейшых зьяваў у рэпартажы, а таксама ў дэтэктыве, фэнтэзі ды іншай „жанравай“ прозе, дапамогуць лепей зарыентавацца ў знакавых імёнах і тэндэнцыях польскай літаратуры і беларускага перакладу», апавядаецца ў апісаньні падзеі.

Сустрэча адбудзецца 19 траўня, а 17-й гадзіне на старонцы Польскага інстытуту ў Менску.

«Мама Му на горцы» ў чытаньні Ганны Бонд

Швэдзкая амбасада працягвае запісваць казкі для беларускіх дзетак на карантыне. На гэты раз твор Юі Вісьляндэр па-беларуску прачытала блогерка Ганна Бонд.

Казкі ад «Свабоднага тэатру»

Кампанія Love Over Virus ад «Свабоднага тэатру» прапануе штодзённыя казкі на беларускай, расейскай і ангельскай мовах для дзяцей і дарослых.

І, вядома, працягваецца паказ спэктакляў па выходных за ўсе 15 гадоў існаваньня тэатру.

  • 23 траўня — «Tomorrow I Was Always a Lion» (рэжысэр Уладзімер Шчэрбань).
  • 24 траўня — «Онікс» (рэжысэрка Юлія Шаўчук).

Усе імпрэзы праходзяць на канале тэатру і ў сацыяльных сетках.

Тэатар юнага гледача

Тэатар юнага гледача ў Менску

На наступным тыдні адбудуцца паказы:

  • 19 траўня — «Тарас на Парнасе» (Сяргей Кавалёў);
  • 21 траўня — «Мешчанін у шляхецтве» (Мальер);
  • 22 траўня — «Майго юнацтва крылы» (паводле паэмы «Хамуціюс» Аркадзя Куляшова); 2
  • 4 траўня — «Казка чароўнага лесу» (Сяргей Казлоў, Леанід Жухавіцкі).

Трансьляцыі адбываюцца на канале тэатру і даступныя з 18.00 у дзень паказу і на працягу сутак.

Наведаць майстэрні беларускіх творцаў

Плятформа Art Is прапануе зазірнуць у творчыя прасторы беларускіх мастакоў. Ужо даступныя экскурсіі па майстэрнях Васіля Зянько, Валера Славука, Усевалада Швайбы.

Зьдзейсьніць падарожжа можна тут.