У панядзелак пачынае працу Сусьветная асамблея здароўя — сёлета з прычыны пандэміі каранавірусу яна ўпершыню пройдзе ў віртуальным фармаце.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Чакаецца, што на парадак форуму будзе вынесенае расьсьледаваньне дзеяньняў Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) у барацьбе з каранавірусам.
Да дбайнага расьсьледаваньня крыніцы паходжаньня і масавага распаўсюджаньня новага вірусу заклікаюць Эўрапейскі Зьвяз і Аўстралія. Гэтую прапанову падтрымалі ўжо 122 краіны, у тым ліку Вялікая Брытанія і Расея.
Яны хочуць атрымаць адказы на цэлы шэраг пытаньняў і, у прыватнасьці , ці ўсё было зроблена, каб прадухіліць пандэмію каранавіруснай інфэкцыі, якая прывяла да заражэньня больш як 4,5 мільёна чалавек у сьвеце і сьмерці 300 тысяч хворых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 60 краін падтрымалі ідэю Аўстраліі пра расьсьледаваньне вытокаў пандэміі каранавірусуУ гэтай прапанове канкрэтна ня згадваецца Кітай або горад Ухань, дзе, як мяркуюць, пачалася ўспышка хваробы. Аднак Пэкін выступіў рэзка супраць ініцыятывы расьсьледаваньня, абвінаваціўшы Аўстралію ў палітычнай атацы.
Вашынгтон пакуль таксама не падтрымаў ініцыятыву. ЗША настойваюць на больш жорсткай фармулёўцы, якая б заклікала да расьсьледаваньня паходжаньня вірусу, пачынаючы менавіта з Кітаю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: ЗША, магчыма, яшчэ дамовяцца з Сусьветнай арганізацыяй здароўяРаней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова абвінавачваў Кітай ва ўтойваньні інфармацыі пра вірус, а САЗ, на яго думку, дапамагала ў гэтым Пэкіну. Улады ЗША ня выключылі, што магла адбыцца ўцечка вірусу зь лябараторыі ў горадзе Ухань. Афіцыйна выведная супольнасьць ЗША не заяўляла аб наяўнасьці доказаў гэтага. Кітай такую магчымасьць катэгарычна адмаўляе.
- ЗША зьяўляюцца самай пацярпелай ад COVID-19 краінай. Паводле апошніх зьвестак, там зафіксавана больш за 1,5 мільёна выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі. Памерлі больш за 90 тысяч пацыентаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ