Ужо сёньня: дзень памяці Францішкі Ўршулі Радзівіл

Партрэт Уршулі Радзівіл на выставе "Славутыя асобы Беларусі". Аўтары Ляіля і Валянцін Варэцы.

Падзеі 23 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.​

Дата дня

23 траўня 1753 году памерла Францішка Ўршуля Радзівіл, пісьменьніца і драматург з роду Вішнявецкіх. У 1725 годзе Францішка Ўршуля выйшла замуж за Міхала Казімера Рыбаньку і пераехала ў Нясьвіж. Там яна спрычынілася да пашырэньня асьветы, значна папоўніла замкавую бібліятэку, а таксама спрыяла аднаўленьню дзейнасьці Нясьвіскай друкарні.

Францішка Ўршуля Радзівіл

Дзень у гісторыі

1618 — пратэстанцкая шляхта Прагі захапіла ўладу і выкінула каталіцкіх прадстаўнікоў у акно праскай гарадзкой залі, што стала пачаткам Трыццацігадовай вайны ў Эўропе.

1761 — Шчучын атрымаў герб.

1910 — Янка Купала скончыў працу над паэмай «Курган».

1923 — у Менску адкрылася першая ашчадная каса.

У гэты дзень нарадзіліся

1707 — Карл Лінэй, швэдзкі прыродазнаўца, стваральнік сыстэмы клясыфікацыі расьліннага і жывёльнага сьвету.

У памяці

1173 — памерла Эўфрасіньня Полацкая, княжна, беларуская сьвятая.​

Эўфрасіньня Полацкая

1946 — памёр Кастусь Езавітаў, беларускі палітычны, грамадзкі і вайсковы дзяяч, адзін з удзельнікаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, першы народны сакратар (міністар) унутраных справаў БНР.

Кастусь Езавітаў

У 1919-1920 гадах падчас кіраваньня Вайскова-дыпляматычнай місіяй БНР у Латвіі і Эстоніі Езавітаў наладзіў дыпляматычныя стасункі з урадамі Ўкраіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, зьвяртаўся з просьбай аб вайсковай дапамозе да ўраду ЗША. Праводзіў працу для арганізацыі беларускага войска, пошуку сродкаў на ўзбраеньне. Арганізаваў пераход на службу БНР корпусу Станіслава Булак-Балаховіча. У траўні 1920 «за выдатную працу на карысьць Беларускай Народнай Рэспублікі» Езавітаў атрымаў званьне генэрал-маёра.