У ваколіцах Парыжу 16 траўня затрымалі аднаго з галоўных абвінавачаных у датычнасьці да генацыду народа тутсі ў Руандзе ў 1994 годзе — Фэлісьена Кабугу.
Ён жыў у парыскім прыгарадзе з падробнымі дакумэнтамі і знаходзіўся ў міжнародным вышуку больш за 20 гадоў.
Француская паліцыя арыштавала Кабугу ў выніку сакрэтнай, старанна скаардынаванай апэрацыі з адначасовымі ператрусамі на некалькіх адрасах, дзе мог знаходзіцца 84-гадовы уцякач.
Кабуга быў кіраўніком «Свабоднага радыё і тэлебачаньня тысячы пагоркаў», якое распаўсюджвала заклікі да забойстваў тутсі. Ён узначальваў і Фонд нацыянальнай абароны, які зьбіраў сродкі на куплю зброі для баявых атрадаў.
У ліпені 1994 года Кабуга паспрабаваў знайсьці прытулак у Швайцарыі, але быў высланы ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга. У 1997 годзе яго бачылі ў кенійскай сталіцы Найробі, дзе двойчы беспасьпяхова спрабавалі затрымаць, паведамляе RFI.
Кабуга будзе экстрадаваны ў Гаагу. Паколькі праца Міжнароднага трыбуналу ў справе Руанды была завершана ў 2015 годзе, справу Кабугі будзе разглядаць Міжнародны рэшткавы мэханізм крымінальных трыбуналаў.
Паводле дадзеных ААН, ахвярамі генацыду народа тутсі ў Руандзе сталі ад 800 тысяч да аднаго мільёна чалавек, што склала прыкладна адну пятую частку насельніцтва краіны.