У Лідзе далі 15 сутак яшчэ аднаму прыхільніку блогера Ціханоўскага. Усяго асуджана больш як 100 чалавек

Затрыманьні ў Гомлі, ілюстрацыйнае фота

Жыхара Ліды Аляксея Борматава затрымалі і асудзілі ў судзе Лідзкага раёну 15 траўня.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым ва ўдзеле ў недазволенай масавай акцыі — сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, аўтарам Youtube-каналу «Страна для жизни». Борматаў атрымаў 15 сутак арышту. Пра гэта Свабодзе паведаміў лідзкі актывіст Дзяніс Рудзевіч.

Раней у Лідзе асудзілі яшчэ 6 чалавек, якія прыходзілі на сустрэчу з блогерам Ціханоўскім:

  • Паўла Палейчыка, фэльчара станцыі хуткай дапамогі — на 7 сутак;
  • Алега Краўцова, фэльчара станцыі хуткай дапамогі — на 7 сутак;
  • Андрэя Паляковіча — на 7 сутак;
  • Максіма Палонскага — на 7 сутак;
  • Генадзя Паўлюкевіча — да штрафу ў 270 рублёў;
  • Паўла Анціпкіна — на 15 сутак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Здымаў кліпы, хоча быць прэзыдэнтам. Хто такі Сяргей Ціханоўскі, на якога два дні палявала міліцыя


Усяго ў розных гарадах Беларусі асудзілі больш як 100 чалавек на арышт і штрафы за ўдзел у сходах, на якія прыяжджаў Ціханоўскі. Сярод іх 2 мэдыкі і 5 журналістаў. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру "Вясна, судовы маратон закрануў Менск, Віцебск, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Воршу, Паставы, Полацак, Наваполацак, Глыбокае, Вілейку, Горадню, Ліду, Берасьце, Мазыр, Жлобін, Мар’іну Горку.