Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings прагназуе, што беларуская эканоміка скароціцца на 5% у 2020 годзе на тле рэзкага пагаршэньня зьнешняга попыту, а таксама ўплыву абмежавальных захадаў.
«Згодна з нашым базавым сцэнаром, эканоміка адновіцца да 3,2% у 2021 годзе, што адпавядае палепшаным пэрспэктывам глябальнага росту», — адзначаюць аналітыкі агенцтва.
«Эканамічныя наступствы могуць быць значна горшымі ў 2020 і 2021 гадах у выпадку працяглай і вострай першай хвалі інфэкцыі, другой хвалі інфэкцыі або ўзмацненьня жорсткасьці абмежавальных захадаў», — папярэджваюць экспэрты.
Афіцыйны прагноз уладаў на 2020 год прадугледжвае рост ВУП на 2,8%. Па выніках першага кварталу ВУП скараціўся на 0,3%, аднак Аляксандар Лукашэнка ў красавіку заявіў ураду, што адмоўная дынаміка эканомікі ня можа быць ухваленая кіраўніцтвам краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў не дапускаць падзеньня эканомікі ад пандэміі. А яна ўжо падаеПаводле папярэдніх дадзеных Мінэканомікі, у студзені-красавіку беларускі ВУП зьнізіўся на 1,3% да такога ж леташняга пэрыяду, ураду пастаўленая задача па выніках 2020 году не дапусьціць скарачэньня ВУП у параўнаньні з 2019-м.
Тым часам Сусьветны банк прагназуе, што ВУП краіны сёлета скароціцца на 4%, Міжнародны валютны фонд прагназуе скарачэньне беларускага ВУП на 6%, ЭБРР — на 5%.