Нацыянальны авіяперавозчык і чыгунка Ўзбэкістану будуць патрабаваць ад пасажыраў унутры краіны даведку аб адсутнасьці каранавіруснай інфэкцыі, паведамляе Узбэцкая служба Радыё Свабода.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
З 18 траўня ў краіне аднаўляецца пасажырскія авія- і чыгуначныя зносіны. Яны былі спыненыя 27 сакавіка праз пагрозу пандэміі. Паводле апошніх зьвестак, у краіне выяўлены 2 686 выпадкі інфікаваньня каранавірусам, 2 158 ачунялі, 11 чалавек памерлі.
Пасьля аднаўленьня пасажырскіх зносінаў кліентам трэба будзе зрабіць тэст на каранавірусную інфэкцыю не раней чым за 120 гадзін да вылету або пасадкі ў цягнік. У вагонах цягніка і ў салёне пасажыры павінны будуць разьмяшчацца з захаваньнем дыстанцыі, падчас палёту пасажыры павінны быць у ахоўных масках і пальчатках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 93,7% меней пасажыраў было ў менскім аэрапорце ў красавікуЯк у Беларусі
На рэйсах авіякампаніі «Белавія» з 11 траўня ўсе пасажыры, уключна зь дзецьмі старэйшымі за 6 гадоў, павінны быць у масках, пачынаючы ад рэгістрацыі на рэйс і цягам усяго палёту (за выключэньнем прыёму харчаваньня). Пасажыры, якія ня маюць масак, да палёту не дапускаюцца. Даведка аб адсутнасьці COVID-19 не патрабуецца.
На беларускай чыгунцы ад пасажыраў нашэньня масак не патрабуюць, але дзейнічаюць нормы сацыяльнай дыстанцыі (ня больш чым два чалавекі ў адным купэ, у пляцкартных вагонах — ня больш чым тры ў адным адсеку).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» з 2 траўня аднавіла палёты ў Мілян, загрузка рэйсу склала 60%