Італія адкрые межы з 3 чэрвеня

Вэнэцыя. Ілюстратыўнае фота

Урад Італіі прыняў рашэньне аб далейшым паслабленьні абмежавальных мер, якія ўвялі ў краіне з-за пандэміі COVID-19.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

З 3 чэрвеня здымуць абмежаваньні на перамяшчэньня ўнутры краіны, а таксама на ўезд і выезд за межы Італіі. Абмежаваньні на перамяшчэньні могуць захоўвацца для асобных тэрыторый.

Таксама застаецца ў сіле забарону на перасоўваньне і карантын для тых, у каго пацьверджаны COVID-19, або для тых, хто кантактаваў з такім людзьмі. Ці трэба будзе пасьля адкрыцьця межаў прытрымлівацца карантыну тым, хто прыехаў у Італію з-за мяжы, не ўдакладняецца.

Па апошніх дадзеных, у Італіі зафіксавана 224 тысячы выпадкаў COVID-19, больш 31,6 тысяч чалавек памерлі.

У пятніцу, 15 траўня, стала вядома, што Італія з 18 траўня здымае забарону на перасоўваньні ўнутры рэгіёнаў, якая дзейнічала падчас ўспышкі каранавірусу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ