Цуды Беларусі. Сем экзатычных месцаў, дзе можна адпачыць ад пандэміі. ФОТА

Беларусь можа зьдзіўляць, выглядаць незвычайна і экзатычна. Тут магчыма ўбачыць марсіянскія горы, вадаспады, знайсьці аналягі Мальдываў, Амазонкі і Вэнэцыі. Апусьціцца ніжэй за ўзровень Балтыйскага мора і адкрыць дзікія мясьціны, даступныя толькі ў часы паводкі. Беларуская экзотыка, створаная прыродай і рукамі чалавека, — чым не варыянт дыстанцыяванага адпачынку падчас пандэміі каранавірусу?

У супольным праекце Свабоды і парталу «Плянэта Беларусь» «7 цудаў Беларусі» мы расказваем пра малавядомыя архітэктурныя і прыродныя адметнасьці Беларусі.

1. Салігорскія тэрыконы

Менская вобласьць

Пад Салігорскам адкрываюцца нетыповыя для Беларусі відарысы. Іх часьцей параўноўваюць з касьмічнымі альбо марсіянскімі.

Салігорскія тэрыконы ўтварыліся на месцы радовішча сыльвініту, зь якога атрымліваюць калійную соль. Радовішча называюць адным з найбагацейшых, а «Беларуськалій» — адным з найбуйнейшых вытворцаў калійных мінэральных угнаеньняў у сьвеце. Сыльвініт — толькі чвэрць пароды, якую здабываюць пад зямлёй. Астатняе — пясок, каменная соль, гіпс — складаецца побач з шахтамі, дзе ўтварыліся сапраўдныя горы.

Першыя адвалы насыпаліся тут яшчэ ў 60-я гады. Некаторыя дасягнулі вышыні 160 мэтраў. У тэрыконах пераважаюць адценьні чырвонага, бурага, шэрага, зь белымі крышталікамі солі, якія пераліваюцца на сонцы. Старыя адклады маюць цямнейшы, больш насычаны колер, сьвежыя — сьвятлейшыя.

Патрэсканая зямля каля падножжа салігорскіх гор нагадвае пустыню. Аазісамі на ёй — вадаёмы з тэхнічнай вадой блакітнага і зялёнага колеру. І пахам мора — бо ў іх вялікая канцэнтрацыя солі.

2. Балота Казьяны

Віцебшчына

Беларускія балоты — гэта ўжо экзотыка. Аднак Казьяны на Віцебшчыне выглядаюць проста касьмічна. Балота складаецца з сотняў малых азёраў. Іх форма і колькасьць асабліва ўражвае з вышыні птушынага палёту. Увосень цёмна-сінія плямы вылучаюцца на жоўта-тэракотавым фоне.

Большыя па плошчы азёры Мошна, Расалай, Красамай маюць экзатычныя назвы і забалочаныя берагі. Сфармаваны ледавіком унікальны рэльеф Казьянаў — комплекс верхавых балот, заліўных лугоў, лясоў і азёраў — знаходзіцца пад асаблівай аховай.

З 1999 году тут ляндшафтны заказьнік.

3. Гранітны кар’ер у Мікашэвічах

Мікашэвічы, Лунінецкі раён, Берасьцейская вобласьць

Гранітны кар’ер у Мікашэвічах вядомы як найвялікшы ў Цэнтральнай Эўропе. Ён цягнецца на 2760 мэтраў з захаду на ўсход і на 1770 мэтраў з поўначы на поўдзень. Глыбіня — 150 мэтраў, гэта на 20 мэтраў ніжэй за ўзровень Балтыйскага мора.

Адкрытае тут радовішча будаўнічага каменю распрацоўваецца з другой паловы ХХ стагодзьдзя — першы вытворчы выбух адбыўся ў 1973-м. Цяпер прадпрыемства «Граніт» вырабляе 15 мільёнаў гранітнай шчабёнкі ў год.

Кар’ер расьце паступова — шырокімі ступенямі, якія тут называюць гарызонтамі. Здалёк ён нагадвае вялізны амфітэатар альбо сэрпантын у высакагорных краінах. Мяркуецца, што пасьля выпрацоўкі кар’еру на яго месцы праз пару дзясяткаў гадоў зьявіцца возера зь вельмі чыстай вадой. Цяпер па пэрымэтры кар’еру ад моцнага прытоку вады ўтвараюцца вадаспады.

На прадпрыемстве «Граніт» ёсьць музэй. Калі загадзя запісацца на экскурсію, можна трапіць на паўднёвую аглядную пляцоўку кар’еру «Мікашэвічы».

4. Вадаспад на рацэ Вяце

Мёрскі раён, Віцебская вобласьць

Рака Вята выцякае з возера Набіста, цячэ па паўночнай ускраіне гідралягічнага заказьніку Балота Мох і ўпадае ў Дзьвіну.

Вята каля вёскі Пруднікі адметная вадаспадам, шумным і найвялікшым у краіне. Яго вышыня — больш за два мэтры, шырыня — каля дзесяці. А шум ад вады чуваць амаль за кілямэтар. Вадаспад рукатворны. Ён зьявіўся пасьля ўзьвядзеньня каменнай плаціны: вада прымушала круціцца турбіну і забясьпечвала электрычнасьцю кардонную фабрыку. На ёй зь мясцовай асіны выраблялі ўпаковачную паперу і кардон. Пазьней фабрыку пераабсталявалі пад млын. Да 60-х гадоў тут працавала гідраэлектрастанцыя.

Вадаспад на Вяце прыцягвае цікаўных. Тут прыгожа, у рацэ можна купацца. А калі даць нырца ў вадаспад, можна апынуцца ў нішы і знутры глядзець, як празрыстай сьцяной у Вяту спадае вада.

Вадаспады для Беларусі — рэдкая зьява. Іх можна яшчэ ўбачыць на рэках Страчы, Мядзелцы, Ласосьне — калісьці тут былі млыны. Але найбольш вядомы вадаспад на Вяце.

5. Крэйдавыя кар’еры пад Ваўкавыскам

Горадзеншчына

Крэйдавыя кар’еры пад Ваўкавыскам турысты называюць беларускімі Мальдывамі. Галоўным чынам — за колер вады. Выпрацаваныя кар’еры зь цягам часу запоўніліся вадой, а рэшткі крэйды, што засталіся на дне, зрабілі яе бірузовай.

За апошнія гады кар’еры пад Ваўкавыскам сталі прывабнай лякацыяй для падарожжа. Панарамы, што адкрываюцца з высокіх схілаў з крэйды і гліны, нетыповыя і экзатычныя для Беларусі. Аднак варта памятаць, што крэйдавыя кар’еры — перадусім небясьпечны тэхнічны аб’ект.

На адкрытых кар’ерах знаходзіцца забаронена. На кар’ерах, дзе працы ўжо спыніліся, робяць захады, каб наведваць іх было бясьпечней. У прыватнасьці, паніжаюць берагі.

Не такія маштабныя, але ў нечым падобныя панарамы можна ўбачыць на крэйдавых кар’ерах у Крычаве, пад Любаньню, у Горадні. Часткова запоўніліся вадой далямітавыя кар’еры пад Віцебскам.

6. Возера Курганістае

Мёрскі раён, Віцебская вобласьць

Гэтае возера на ўласныя вочы могуць убачыць сапраўдныя прыхільнікі беларускай экзотыкі.

Возера Курганістае — за два кілямэтры ад вёскі Сухавежа ў амаль непралазным масіве Балота Мох на паўночнай ускраіне гідралягічнага заказьніку Ельня. Пра выгляд тутэйшых мясьцін тысячы гадоў таму паклапаціўся ледавік.

Цяпер пра ўнікальныя ляндшафты дбае чалавек. Возера невялікае, але вельмі чыстае. З большасьці вадаёмаў у заказьніку можна піць ваду. Акваторыю Курганістага возера аздабляюць дробныя астравы, на якіх растуць дрэвы. Часьцей сосны. Часам паміж імі відаць бярозы.

7. Вусьце Лані

Лунінецкі раён, Берасьцейская вобласьць

У самым цэнтры Палесься, у месцы, дзе Лань упадае ў Прыпяць, жыве вялікая калёнія бакланаў і чапляў. Гэта некрануты куток дзікай прыроды на левым беразе «беларускай Амазонкі», дзе гаспадараць птушкі.

Бакланы віюць гнёзды на дубах — за апошнія дваццаць гадоў яны амаль цалкам зьнішчылі пойменную дубраву, дрэвы стаяць спрэс сухія. Белыя і шэрыя чаплі гняздуюцца ніжэй пад дубамі — у непралазным вербняку, на альховых дрэвах і лазьняку.

Сэзонныя паводкі робяць гэтае месца непраходным. Да вусьця Лані можна дабрацца толькі вадою.

Фатограф Сяргей Плыткевіч з 1999 году здымае калёнію бакланаў і чапляў. У розныя поры году ён ладзіў экспэдыцыі да вусьця на байдарцы, каяку, вясковай пласкадонцы, маторнай лодцы, на верталёце. Асабліва маляўніча высахлая дуброва глядзіцца зьверху веснавой парой, калі пойма Прыпяці залітая вадою.

Паміж дубамі можна плаваць толькі на лодцы — як у Вэнэцыі, толькі дзікай. Падчас разьліву Прыпяць экзатычная ўся, але з птушкамі — нашмат цікавейшая. Для захаваньня ўнікальнага прыроднага комплексу Прыпяцкага Палесься ў 1985 годзе быў створаны на 288 гектарах біялягічны заказьнік «Вусьце Лані», ён мае агульнанацыянальнае значэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. 7 раскошных палацаў у маляўнічым асяродзьдзі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 беларускіх ратуш, якія сьведчаць пра эўрапейскае мінулае краіны. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 цудаў Беларусі. Астраўныя замкі, якіх вы ніколі не пабачыце
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моц дрэва. 7 велічных драўляных касьцёлаў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. Сем адметных драўляных цэркваў краіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. 7 велічных сынагог, якія руйнуюцца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. 7 велічных гарадзішчаў, на якія варта падняцца