«Мы мыем рукі ад зямлі, а не ад вірусаў». Як беларускія даўншыфтэры перажываюць ізаляцыю ў ізаляцыі

Рэпартаж Свабоды пра карантын беларусаў, якія абралі ізаляцыю сваім стылем жыцьця 8 гадоў таму.

«Давай сазвонімся пасьля заходу сонца»

Беларусы Верасень і Аўгіня аказаліся сярод тых, каму лягчэй выжыць у час пандэміі. Восем гадоў таму яны абралі добраахвотную ізаляцыю. Абжываюцца на хутары Лохаўшчына. Сталі лохаўцамі. Паўгадзіны — і яны ў Валожыне, гадзіна — і ў Менску. Гэта на машыне. Аўтобус сюды ня ходзіць. Дый шыльды з назвай вёскі тут няма, як няма і самога паселішча на мапах Google.

Верасень і Аўгіня

«Слухай, давай сазвонімся пасьля заходу сонца», — прапануе час Верасень.

У Менску заход быў у 20:36, у Валожыне ў 20:41. У Верасьня і Жэні гэта час, калі яны скончылі працу па гаспадарцы і зьбіраюцца класьціся спаць, укладаюць двухгадовага Даната.

Жыцьцё былы гамяльчук і ўраджэнка Вялейкі плянуюць цяпер па сонцы, ноччу па Юпітэры або па Вэнэры. Пакуль плянэта пройдзе ад суседзкага пагорку да пачатку лесу, сьпячэцца хлеб.

Раней абое працавалі журналістамі. Верасень стварыў сайт пра людзей, якія пераехалі на вёску — Downshifter.by, Жэня вядомая па праграме на тэлеканале «Белсат» «Аўтаспынам па Беларусі». Цяпер яны пераважна жывуць са старых запасаў, да таго ж маюць сад і гарод. Верасень стаў рамесьнікам, робіць і прадае музычныя інструмэнты.

У сацыяльных сетках Верасьня самы, бадай што, часты пэрсанаж на фота — яблыня на даляглядзе з аднаго і таго ж ракурсу. Зьмяняюцца толькі поры году, надвор’е, час дня. Рэшта фота — пра вёску, заходы сонца, лохаўскія палі і птушак. Подпісы кароткія: «Панядзелак», «Субота», «Красавік».

«Ты тут запавольваесься», — кажа Верасень.

«Віно павінна было ліцца ракой»

Аднак і лохаўцы баяцца эпідэміі. Цяпер у сям’і ізаляцыя ў квадраце — у горад езьдзяць раз на паўтара месяца, са старэйшымі вяскоўцамі не кантактуюць, з маладзейшымі суседзямі — зрэдку і на адлегласьці. Карыстаюцца дастаўкай прадуктаў, хоць дагэтуль адмаўляліся ад яе, бо зашмат плястыкавых пакетаў. Гасьцінныя раней, яны забаранілі прыяжджаць да сябе сябрам і журналістам. Апошнія госьці былі ў хаце два месяцы таму, 10 сакавіка.

На дзясятую гадавіну шлюбу ў канцы красавіка пара мелася прымаць па-над сотню гасьцей. Хацелі нарэшце згуляць неадгулянае вясельле.

«Сталы павінны былі ўгінацца ад ежы, прыгатаванай кухарам-прафэсіяналам, госьці меліся танцаваць пад вінільную музыку ад сапраўднага дыджэя. Віно павінна было ліцца ракой... Але сёньня ў нас будзе проста бутэлька віна, выпітая бязь сьведак», — напісала на сваёй старонцы ў Facebook Жэня.

Ва ўзмоцненай ізаляцыі ім ня сумна. Радуюцца, што ўрэшце хопіць часу на гаспадарку, увесну працы шмат. Жэня цешыцца, што Верасень больш дома. Цяпер яны даглядаюць сына Даната па чарзе: зранку маці, па абедзе бацька. Другі ў гэты час можа працаваць або рабіць хатнія справы.

«Ліхтар ад дзяржавы гарыць. Вось і ўсё ад цывілізацыі»

Інфраструктура ў іх ёсьць, запэўнівае Верасень. Праўда, рознага ўзроўню. Адна — у вёсцы, іншая — у сельсавеце ў Гародзьках за 5–6 кілямэтраў, свая ў райцэнтры, а потым — сталічны ўзровень.

У вёскі прыяжджае аўталаўка. Працуе «старарэжымная школа» ў Гародзьках, ходзіць школьны аўтобус. У сельсавеце ёсьць фэльчарскі пункт. «Хуткая» з Валожына прыедзе за паўгадзіны. У райцэнтры — гімназія, дзіцячыя садкі, банк і нават новы басэйн.

«Ліхтар ад дзяржавы гарыць. Вось і ўсё ад цывілізацыі», — пералічвае Верасень даброты сваёй вуліцы.

Яны пераехалі на хутар пасьля ўсясьветнага падарожжа. Бачылі, як жывуць розныя людзі, і знайшлі свой варыянт. Хацелі свайго месца, дзе змогуць прымаць гасьцей.

На пытаньне, чаго ім не хапае на хутары, абое адказваюць бяз паўзы.

«Я быў бы рады, калі бы тут быў джаз-клюб. Але яго няма і ў Менску», — адказвае Верасень.

Жэня хоча, каб у вёсцы была кавярня з дастаўкай ежы.

«Канечне, добра, што ў нас здаровая ежа, самі гатуем. Але часам хочацца замовіць піцу ці сушы, і самой не круціць і не пячы гэта. Або схадзіць некуды паесьці», — прызнаецца яна.

Яшчэ тут горшая якасьць інтэрнэту, чым у горадзе.

«Калі машына праяжджае, яшчэ 10 хвілін пахне машынай»

Ці ня стане пандэмія штуршком да новай будучыні, дзе людзі разьедуцца па вёсках і малых супольнасьцях?

Жэня мяркуе, што іхны спосаб жыцьця дасяжны кожнаму, але ня кожнаму пасуе. Камунікацыі тут у любы час значна менш. Калі праца не дыстанцыйная, то траціць штодня на дарогу па 2–3 гадзіны ня ўсе захочуць. Дзяўчына мяркуе, што заўжды ёсьць людзі, якім камфортней у горадзе. Небясьпека вірусу пераканае толькі тых, хто даўно хацеў стаць даўншыфтэрам. Хоць карантын, на ейную думку, асабліва з малымі дзецьмі, лягчэй перажываць у сваім доме, а не ў кватэры.

«Для мяне заўсёды было важна, што ёсьць свая зямля. Можна выйсьці раніцай, пахадзіць босымі нагамі па траве. Тут хутары, адлегласьць вялікая, можна і паўаголенымі хадзіць. Цяпер асабліва адчуваецца, што можаш выйсьці на вуліцу бяз маскі, нічым не дэзынфікаваць рукі. Мы мыем рукі ад зямлі, а не ад вірусаў», — параўноўвае Жэня.

Верасень разважае пра вялікую і пустую вясковую Беларусь, адну з самых урбанізаваных краін.

«Можна прыехаць цэлай кампаніяй, выкупіць сабе ўсе дамы на вёсцы і жыць нармальна. Неўзабаве ня будзе куды, бо вёскі руйнуюцца», — кажа ён.

«Вёска — гэта ня горад. Камусьці важна, што гэта экалягічны лад жыцьця. У нас да дарогі мэтраў 50. Калі машына праяжджае, яшчэ 10 хвілін пахне машынай. А ў горадзе ты не заўважаеш, што жывеш у тлуме», — кажа Верасень.

Лохаўцы прызнаюцца, што яны ў прывілеяваным становішчы. Калі цяпер многія сядзяць дома, то яны ўвесь час на вуліцы, дзіця таксама.

Усьміхаюцца, што калі нейкі апакаліпсіс, то ў іх ёсьць пограб, каб схавацца, лес побач і печ, каб ня зьмерзнуць і гатаваць ежу бяз газу, свая вада ў студні.

«У горад прыедзеш: „Добры дзень“ — на цябе ваўком глядзяць»

Пара мяркуе, што не абавязкова саджаць гарод, трымаць быдла або працаваць у калгасе. На вёсцы шмат заняткаў і без таго. Але яны ня лічаць, што натуральная гаспадарка — крок назад у разьвіцьці чалавецтва.

«Яшчэ не прыдумалі іншага спосабу, як на зямлі вырасьціць ежу», — заўважае Верасень.

Яны сыходзяцца на думцы, што калі ёсьць свая зямля, то чаму б не вырошчваць на ёй сабе ежу? Гэта такая забава, кажа Верасень. Карыстацца можна сучаснымі тэхналёгіямі, прыкладам, пэрмакультурай, апрацоўваць зямлю не валамі, а матаблёкам.

Небясьпекі, што сын не сацыялізуецца на хутары, бацькі не адчуваюць. Непадалёк шмат сяброў зь дзецьмі рознага ўзросту. Да карантыну яны часта бачыліся, бавіліся.

Ці пачынае чалавек у ізаляцыі больш любіць людзей і цягнуцца да іх, ці наадварот — пазьбягаць людзей і дзічэць?

Пара мяркуе, што гэта залежыць ад тэмпэрамэнту. Ізаляцыя можа толькі падкрэсьліць прыродныя ўласьцівасьці.

«Мы тут цэнім людзей. Калі прыходзіць чалавек, мы зь імі звычайна падзяляем час. У нас няма смол-токаў (small talk — сьвецкая гутарка ні пра што): „Ну як?“ — і пайшоў. Мы звычайна размаўляем. Усе рады хадзіць у госьці. Я пра нармальнае жыцьцё да каранавірусу», — кажа Верасень.

Ён бачыць, што на вёсцы людзі супакойваюцца.

«Я праяжджаў сёньня на ровары міма сяброў. Яны сядзяць удваіх, дзеці бегаюць спакойныя, як сланы. У людзей іншы рытм дня. Усё становіцца даўжэйшае. Я тут каву ня п’ю, а ў горадзе — раз-раз-раз.

Можна, вядома, зьдзічэць, калі тры месяцы тут пасядзіш і потым выходзіш зь лесу. А там людзі. Прывыкаеш, што на вёсцы ўсе нармальныя, у сэнсе, усе знаёмыя, здароўкаюцца, размаўляюць. А ў горад прыедзеш: „Добры дзень“ — на цябе ваўком глядзяць. Думаеш: „Ой, куды я прыехаў?!“.

Гэта стрэс. Трэба пераходзіць на больш нахабную сыстэму адносін. Трэба па дарогах езьдзіць шых-шых, усіх падразаць, наступаць.

Тут такога няма, разьнявольваесься. Бываюць, вядома, форс-мажоры. Зьяўляецца злодзей, выносіць тэлевізар, або здараецца пажар, такі экшн, або ўчастковы шукае злодзея, ці шэршань заляцеў. У нас такія навіны. З такім рытмам перастаеш некуды сьпяшацца», — расказвае Верасень.

«Як у падарожжы, трэба пражыць адзін дзень»

Як чалавеку не звар’яцець у ізаляцыі, пара ня ведае. Думаюць, што яны не дарадцы, бо жывуць не ў кватэры, а на хутары.

«Інтэрнэт жа ёсьць, чаго мучыцца?», — іранізуе Верасень.

Ён ад нуды два гады таму пачаў рабіць музычныя інструмэнты. У ход ішлі бляшанка ад крэму, партсыгар, мэталічныя скрыні з-пад печыва. Цяпер ён іх прадае. Прыкладам, апошні каштаваў 150 даляраў.

«Пакуль», — удакладняе Жэня цану.

«Так, у мяне ўзровень расьце», — сьмяецца Верасень.

Жэні дадае сілаў выхад на прыроду, шпацыры па ўзгорках і палях.

«Мы можам выйсьці на вуліцу, паглядзець на сонца, паслухаць, як птушачкі сьпяваюць, убачыць, як абуджаецца прырода, і рэальна добра становіцца», — кажа дзяўчына.

На думку Верасьня, грае ролю камунікацыя з самім сабой і зь іншымі.

«Тут вельмі хутка табе ўсё прылятае. Калі ты злосны троль, то ты сам сябе злосна затроліш і будзеш сядзець няшчасны», — заўважае ён.

Жэня дадае, што ў час ізаляцыі можна навучыцца таму, што даўно адкладаў, прыкладам, вязаць.

«Іншая рэч, што самаізаляцыя псыхалягічна так уплывае на чалавека, што многія нічога ня могуць рабіць, хоць куча часу. Апатыя. Я б параіла разумець, што гэта не назаўсёды. Я калі сама з сабой — то думаю, нешта разумею пра сябе. Думаць можна ў любой сытуацыі», — кажа яна.

«Як у падарожжы, трэба пражыць адзін дзень. Калі ты пражывеш адзін дзень, то і іншыя здолееш», — раіць Верасень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: "Зэдлік — беларуская статуя свабоды"