У аварыі загінулі рэжысэр Уладзімер Міхайлоўскі і мастак-гукарэжысэр Максім Гаўрыленка. Рэжысэрка Любоў Зямцова ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Яна знаходзіцца ў шпіталі ў Мар’інай Горцы.
«Учора ў яе (Любові. — РС) быў дзень народзінаў, яны ўвесь дзень развозілі, з 5 ранку, дапамогу па шпіталях, — расказала маці Любові Зямцовай Сьвятлана. — Яны несьлі важную місію і здымалі ўсё гэта. Вярталіся ў добрым настроі. У 18.10 я зь імі размаўляла, а ў 19.30 адбылося сутыкненьне. З сустрэчнай паласы ішла на Гомель машына. Валодзя і Максім загінулі».
Сьвятлана Зямцова кажа, што становішча Любові пакуль складанае.
«Аніякіх сьлёз, аніякага смутку, я вельмі прашу! Дапамога можа быць толькі ад сіл сьвятла. Бласлаўляйце яе на сьветлае і доўгае жыцьцё, каб яе другое нараджэньне было магутным і моцным, вельмі вас прашу», — кажа Сьвятлана Зямцова.
Пахаваньне Ўладзімера Міхайлоўскага адбудзецца 16 траўня ў Бабруйску.
Любоў Зямцова — вядомая беларуская дакумэнталістка. Скончыла Waida School Doc Pro (Варшава). Фільмы Зямцовай былі ўдзельнікамі такіх фэстываляў, як Astra Film Festival, Артдоксфест, Watch Docs Belarus ды іншых.
Апошнім часам разам з Уладзімерам Міхайлоўскім яны здымалі цыкль пра Беларусь для тэлеканалу «Настоящее время».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь — ня толькі бульба і Лукашэнка. «Настоящее время» запускае цыкль «Невядомая Беларусь»