Як «кандыдаты пратэсту» Статкевіча падалі заявы ў ЦВК. ВІДЭА

Мікалай Статкевіч (у цэнтры) на прыступках Цэнтральнага выбарчага камітэту

Прыхільнікі Мікалая Статкевіча масава падаюць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп для вылучэньня кандыдатамі на прэзыдэнта. Частка зь іх сабралася ўвечары 14 траўня ля Цэнтральнага выбарчага камітэту, каб разам падаць заявы.​

Прэтэндэнтка на кандыдата ў прэзыдэнты Вольга Мікалайчык сказала, што збольшага «кандыдаты пратэсту» зьяўляюцца сябрамі «Народнай грамады» Статкевіча.

Вольга Мікалайчык

А 17:40 на плошчы Незалежнасьці зьявіўся Мікалай Статкевіч. Ён сказаў, што тыя, хто зарэгіструе ініцыятыўныя групы, ня будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі на прэзыдэнта. Замест гэтага ініцыятыўныя групы будуць ладзіць пратэстныя пікеты.

Статкевіч сказаў, што калі ніводную зь ініцыятыўных груп «кандыдатаў пратэсту» не зарэгіструюць, яны гатовыя скарыстаць пікеты любога іншага кандыдата, які гэта дазволіць.

«Я думаю, што зграя адчула, што важак саслабеў», – так Статкевіч пракамэнтаваў удзел у выбарчай кампаніі экс-банкіра Віктара Бабарыкі і бізнэсоўца Валера Цапкалы.

Прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта Натальля Стрэльчанка з Дуброўна сказала, што асноўнае задача на сёньня – зьмясьціць дзейную ўладу.

«У нас у асноўным добра жыве ўлада, наша мясцовая ўлада. У іх усё стабільна, яны маюць дамы і шыкоўныя машыны. Мы ўсё гэта добра бачым і хочам спыніць», — сказала Стрэльчанка.

«Кандыдат пратэсту» Аляксандар Школьнікаў з Воршы незадаволены закрыцьцём раней буйных прадпрыемстваў у Беларусі. На яго думку, гэта адбываецца, бо Расея адмаўляецца ад беларускіх тавараў праз палітыку Лукашэнкі.

А 18:20 натоўп рушыў у бок ЦВК, каб «кандыдаты пратэсту» падалі дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Пасьля Статкевіч правёў мітынг на прыступках ЦВК.

Хто такія «кандыдаты пратэсту»

Палітык Мікалай Статкевіч бачыць выбары як нагоду для пратэстаў, бо са статусам кандыдата на прэзыдэнта прасьцей сабраць людзей на вуліцах. Статкевіч зьбіраецца зарэгістраваць у ЦВК ініцыятыўныя групы 30 «кандыдатаў пратэсту».

На момант публікацыі, ЦВК зарэгістраваў 22 ініцыятыўныя групы «кандыдатаў пратэсту».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.