Турыстычная сфэра — адна зь першых, па якіх ударыў крызіс ад каранавірусу: межы закрытыя, людзі намагаюцца заставацца дома. Але на дапамогу прыйшлі новыя тэхналёгіі, каб пераарыентавацца і працаваць далей.
Онлайн-экскурсіі
Экскурсавод Цімафей Акудовіч у пандэмію працягвае вадзіць экскурсіі, але безь людзей, з сэлфі-палкай і смартфонам.
«Псыхалягічна было складана, бо зусім іншы варыянт камунікацыі. Тэхнічна — гэта проста, я пазычыў у сябра сэлфі-палку ды ўзяў свой смартфон. Гэта цікавы досьвед, выхад на новыя гарызонты, водгукі пазытыўныя. Тут каранавірус спрыяе рэалізацыі старых задумаў, якія безь яго я б не наважыўся рабіць», — кажа Цімафей Акудовіч.
Манэтызацыя такіх экскурсій — добраахвотныя ахвяраваньні ад гледачоў. А таксама, па словах Цімафея, гэта праца на будучыню, бо потым прыйдуць новыя кліенты. Экскурсіі тэматычныя. Напрыклад, адна зь іх — па гісторыі менскіх эпідэмій.
Гід Яўген Маслоўскі праводзіў экскурсію па акупаваным Менску праз Instagram.
«Гэта, хутчэй, як трэніроўка, бо фінансава такая экскурсія — менш як дзясятая частка ад экскурсіі ў офлайне. Гэта хіба для заахвочваньня людзей. Было ня цяжка, але важна, каб ты сябе здымаў ня сам, а каб цябе здымалі. Тады твае гледачы адчуваюць нейкі кантакт. Водгукі былі станоўчыя. Онлайн-экскурсія, праўда, больш падобная да лекцыі», — кажа Яўген Маслоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекцыя пра космас, кіно пра сталінскі суд і канцэрт Palina. Беларускае жыцьцё онлайн на гэтым тыдні
Стрымы з музэю і онлайн-сустрэчы з блогерамі
Музэй мініятураў «Краіна міні» ў Менску падчас пандэміі ладзіць онлайн-трансьляцыі, дзе спэцыялісты расказваюць, якія месцы ў Беларусі варта наведаць і што там паглядзець.
«У дадзеных умовах на поўную магутнасьць музэй працаваць ня можа, мы зразумелі, што наша задача — паказаць людзям, якія месцы ў Беларусі людзям варта наведаць. Мэта музэю — разьвіваць унутраны турызм, і цяпер мы вырашылі рабіць гэта онлайн. Пачалі рабіць жывыя эфіры, дзе расказваем людзям, куды ім варта паехаць, калі пандэмія скончыцца. Цяпер людзі шмат часу праводзяць онлайн, і мы вырашылі даць ім нагоду не замыкацца ў сабе, а падумаць над будучымі падарожжамі», — расказвае СММ-мэнэджар музэю «Краіна міні» Кацярына Навумава.
Трансьляцыі праходзяць у двух фарматах. Ёсьць маршрут аднадзённага падарожжа, дзе апісваецца мясьціна, горад або некалькі гарадоў з тлумачэньнем, як туды дабрацца, дзе перакусіць, і з гісторыяй гэтага месца. Усе трансьляцыі вядуцца ў IGTV у Instagram. Другі фармат — сустрэча з блогерам ці падарожнікам.
«Мы запрашаем на гарбату блогера ці падарожніка, якія езьдзяць па Беларусі і пішуць пра гэта. Таксама гэта гіды і экскурсаводы. Яны расказваюць пра свой досьвед нашым падпісчыкам. Эфіры выходзяць тры разы на тыдзень. Усе эфіры праходзяць бясплатна, але карыстальнікі могуць адправіць свабодны данат: ад 1 да 20 рублёў. Гэта ня той узровень, які быў да эпідэміі, але людзі пераводзяць грошы. Людзей няшмат, але пераводзяць больш за 10 рублёў», — кажа Кацярына Навумава.
Каля 300 тысяч — столькі чалавек працуе ў беларускім турызьме: у гатэлях, турфірмах, гостэлах, аграсядзібах. Па падліках экспэртаў, з прычыны пандэміі гэтая сфэра можа страціць 95% прыбыткаў.