Як пачуць галасы мясьцін, якія зьніклі з мапаў, успаміны пра чарнобыльскую аварыю, паслухаць песьні ад жыхароў адселеных вёсак?
Праект «Этнаўсё» сабраў і апублікаваў сьпіс з 448 адселеных у выніку аварыі ў Чарнобылі населеных пунктаў.
Сьпіс адселеных вёсак аднаўлялі супольнымі намаганьнямі
Мэдыятэка «Этнаўсё» існуе з 2016 году. Яе задача — зьвесьці ў зручную сыстэму апублікаваныя зьвесткі пра традыцыйную культуру: ад кніжак, навуковых артыкулаў і публікацый у прэсе — да мультымэдыйных матэрыялаў: фільмаў, аўдыёрэлізаў, радыёперадач, фатаздымкаў і г. д. І кожны з гэтых элемэнтаў можа быць прывязаны да асобаў, калектываў, тэмаў, лякацый. У ідэале — да канкрэтных вёсак з каардынатамі.
«Мы бралі за аснову базу населеных пунктаў падатковай (для адміністрацыйнага падзелу), і сынхранізавалі з адкрытымі зьвесткамі з Openstreetmap, дзе ёсьць каардынаты населеных пунктаў. Такім чынам у нас у базу адразу занесена больш за 24000 населеных пунктаў Беларусі», — кажа кіраўнік праекту Яўген Барышнікаў.
Яўген дадае, што падчас працы над публікацыямі часта сутыкаліся з тым, што некаторых населеных пунктаў у базе няма. Гэтак жа здарылася падчас апрацоўкі зьвестак пасьля экспэдыцыі ў Краснапольскі раён, якую зладзіла «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства». Частка вёсак, пра якія згадвалі інфарматары, адсутнічалі ў базе.
«Гэта былі вёскі, адселеныя пасьля аварыі на ЧАЭС. Мы сталі шукаць сьпіс такіх вёсак, каб дадаць іх у базу. І высьветлілася, што ў публічным доступе поўнага сьпісу няма. Знайшоўся на сайце Магілёўскай абласной бібліятэкі толькі сьпіс з Магілёўскай вобласьці, і той без каардынат. Адсутнасьць такой інфармацыі здалася трохі дзіўнай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як гэта — быць краязнаўцам у забруджанай зоне?Пазьней высьветлілася, што такі сьпіс, хоць і без каардынат, існуе нават у бронзе — на царкоўнай агароджы на вуліцы Карастаянава вісяць табліцы з назвамі населеных пунктаў па раёнах.
«Журналіст „Свабоды“ Антон Трафімовіч параіў зьвярнуцца ў дэпартамэнт ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы пры МНС. Я напісаў туды электронны ліст, яны перазванілі, удакладнілі запыт і ў адказ даслалі такі сьпіс, складзены на падставе распарадчых дакумэнтаў, якімі прымаліся рашэньні аб адсяленьні населеных пунктаў. На жаль, у іх не было каардынат, яны параілі зьвярнуцца ў кадастравыя службы. І мы рыхтавалі запыт туды», — тлумачыць Яўген.
«Але напярэдадні гадавіны аварыі нам здалося важным апублікаваць сьпіс хаця б так, як мелі, каб ён проста быў у публічным доступе. Меркавалі пазьней пакрысе узнавіць каардынаты вёсак. Дадалі візуалізацыю па раёнах. А паколькі ў краснапольскай экспэдыцыі «СЭТ» інфарматары сапраўды часам згадвалі Чарнобыль, падумалася, што дарэчы будзе праілюстраваць сухі сьпіс такімі ўспамінамі».
Далей, кажа Яўген, лягічным чынам дадаліся запісы песень, зробленыя ў адселеных вёсках этнамузыколягамі з кансэрваторыі яшчэ да катастрофы.
«Мы ўдзячныя Кабінэту традыцыйных культур БДАМ за дазвол апублікаваць некаторыя запісы. Па выніку, абнародваньне сьпісу без каардынат апынулася правільным рашэньнем, бо неўзабаве пасля публікацыі гісторык і картограф, спэцыяліст па гістарычнай інфарматыцы Вячаслаў Насевіч у камэнтарах даслаў апрацаваную вэрсыю сьпіса з каардынатамі гэтых вёсак».
У выніку абнавілі мапу канкрэтнымі пунктамі, а сьпіс з каардынатамі даслалі назад у дэпартамент, каб і ў іх ён быў. Так ненаўмысна атрымалася супраца некалькіх вельмі розных установаў і спэцыялістаў.
Чарнобыль прысутнічае як непазьбежны фон
Вынікам двухтыднёвай экспэдыцыі «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства» «Краснапольле-2019» сталі ня толькі запісы жыхароў, але і вялікі фотапраект «Вы чытаеце — хаты валяцца» і дакумэнтальны фільм «1 блін», якія зрабілі Ірына Паўловіч разам з удзельнікам экспэдыцыі Антосем Сівых.
«Мы працавалі над гэтым амаль адразу пасьля экспэдыцыі. Нават проста пераглядаючы і пераслухоўваючы матэрыялы, я адчувала, наколькі ўсё рэзка, ярка, жыва і нечакана. З боку жыхароў мы чулі і сьпевы, і боль, і мудрасьць, і тугу, і сьмех, і жарты, і трапныя заўвагі. Складана нават вызначыць, чаго больш», — кажа Ірына Паўловіч.
У дакумэнталцы і ў фотапраекце Чарнобыль таксама прысутнічае як непазьбежны фон і зьява, зь якой вяскоўцы жывуць дагэтуль. Але, падкрэсьлівае Ірына, аўтары не спрабавалі зрабіць яе цэнтральнай.
На думку Ірыны, праект «Галасы адселеных вёсак» моцна адрозьніваецца ад мноства іншых спробаў актуалізаваць чарнобыльскую тэму.
У першую чаргу неназойлівасьцю і бесстароннасьцю. Грунтоўна правераныя сьпісы, статыстычныя зьвесткі і фальклёрныя запісы, якія толькі дадаюць разнастайнасьці ва ўсьведамленьне катастрофы.
«Гэта як мінімум цікава і захапляльна — вёскі на мапе ўжо няма (альбо амаль няма), а яе жыхар на запісе расказвае альбо сьпявае.
Гэта дае магчымасьць падлучыцца да лякальных кантэкстаў і жывой гісторыі проста з вуснаў чалавека, які жыў у нейкай іншай прасторы і іншым часе. Мяркую, такое паглыбленьне можа быць цікавым ня толькі навукоўцам, але і школьнікам».
Захаваць канкрэтныя назвы і імёны
Для аздабленьня праекту «Галасы адселеных вёсак» выкарыстаныя здымкі Аляксандра Сьцепаненка, які з 1979 году фатаграфаваў родную вёску Кісялёўку, якую таксама спачатку «адсялілі», а ў 2015-м зьнішчылі.
Пасьля аварыі Кісялёўка трапіла ў зону найбольш актыўнага заражэньня цэзіем-137. Амаль усіх жыхароў адсялілі, але некаторыя сем’і вырашылі застацца там нелегальна.
Сам Аляксандар вярнуўся ў Кісялёўку на пачатку траўня 1990 году.
«Я два гады думаў, як здымаць радыяцыю. Як яе паказаць? Паху няма, смаку няма, колеру няма, — расказвае ён. — А калі прыехаў у траўні, тут было жорсткае сонца. Мяне ўсё жыцьцё вучылі, што трэба здымаць ранкам і ўвечары. Тады мяккае сьвятло, добрае надвор’е, прыемныя твары. А я зьняў гэтае жорсткае сонца. Парушыў усе правілы».
У 2015 годзе вёску Кісялёўку зьнішчылі, закапалі, ператварылі ў вялізныя могілкі.
Аляксандар жыве ў Мурманску і прыяждждае на вёску раз на некалькі гадоў. Наведвае могілкі, сустракаецца з роднымі і аднавяскоўцамі.
У 2018 годзе ў Новых Саматэвічах з ініцыятывы і з намаганьнямі Аляксандра, жыхары зьніклых вёсак сабралі грошы і адкрылі абэліск у памяць аб адселеных у выніку ЧАЭС вёсках.
Падрабязьней пра зьніклую Кісялёўку і гісторыі з унікальнага фотаархіву можна пачытаць тут:
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вёска стала могілкамі» — фатограф зьняў жыцьцё і сьмерць чарнобыльскай вёскі«Мы не эколягі, нам хутчэй рупіць экалёгія культуры. І калі гаварыць пра традыцыйную культуру, фальклёр, то вельмі часта нейкія лякальныя зьявы ў публічнай сьвядомасьці размазваюцца на вялікія абшары, на ўзровень народаў і нацый, на абсяг сучасных адміністрацыйных межаў. А нам здаецца важным падкрэсьліць рэгіянальныя асаблівасьці, а таксама захаваць канкрэтныя назвы і імёны — носьбітаў, выканаўцаў, зьбіральнікаў, дасьледчыкаў», — дадае Яўген Барышнікаў.
Цяпер культурным ініцыятывам неабходна падтрымка. Дапамагчы можна фінансава, а таксама можна стаць валянтэрам праекту, удзельнічаць у распрацоўцы матэрыялаў і выпраўляцца ў цікавыя экспэдыцыі.