Гісторыя, культура, кавярні, паркі, жывёлы, шопінг ды шмат іншага — усё на адной вялікай інтэрактыўнай мапе Беларусі.
На адной з краўдфандынгавых пляцовак стартаваў праект для беларусаў і турыстаў, якія хочуць наведаць краіну. Больш ня трэба шукаць інфармацыю на дзясятках сайтаў і выдумляць маршруты вандровак — усё можна будзе знайсьці ў адным месцы.
Пагутарылі з камандай Acrobat Travel, якія распрацоўваюць унікальную мапу.
«Удзельнікі нашай каманды часта вандруюць па розных краінах сьвету і там гутараць зь мясцовымі жыхарамі, — расказваюць стваральнікі праекту. — І калі на пытаньне „Адкуль вы?“ мы адказвалі, што зь Беларусі, большасьць зусім ня ведалі, што гэта за краіна, а некаторыя пыталі: „Гэта недзе ў Расеі?“ Так мы зразумелі, што трэба паказаць нашу краіну іншаземцам, каб больш не было такіх адказаў».
Каманда пачала разважаць, што можа зацікавіць турыстаў у Беларусі, і прыйшлі да высновы, што нават самі беларусы не заўсёды ведаюць, што ў краіне ёсьць, акрамя замкаў і пушчы. Так і паўстала пытаньне, як «улюбіць» у нашу краіну ня толькі іншаземцаў, але і мясцовых жыхароў. Вырашылі, што найлепшым варыянтам будзе мапа-гід.
Што гэта такое?
Мапа складаецца зь некалькіх тэматычных пластоў, напрыклад агратурызм, тэатар, традыцыйныя стравы, этнаграфічныя вандроўкі і гэтак далей. Ужо цяпер ёсьць 32 пласты, кожны зь якіх можа стаць нават асобнай вандроўкай. У будучыні мапу будуць рэдагаваць і дадаваць новыя тэмы.
Стваральнікі падкрэсьліваюць, што ня маюць намеру паказаць усё. Месцы каманда выбірае разам з экскурсаводамі, а таксама са зьвестак ад мясцовых жыхароў пра іх улюбёныя мясьціны: дзе можна паесьці, патусавацца ды проста добра прабавіць час. Далей сабраную інфармацыю зьбіраюць, апрацоўваюць і перакладаюць на беларускую, расейскую і ангельскую мовы.
Працуе ўсё вельмі проста. Карыстальнікі мапы могуць націснуць на цікавыя ім месцы і ўбачыць кароткую інфармацыю з фатаздымкамі. Далей месцы можна дадаваць у выбранае, каб потым лёгка стварыць маршрут і вандраваць па краіне.
Чаму гэта важна?
Стваральнікі лічаць, што цікавая інфармацыя пра Беларусь прыцягне ў краіну натоўп турыстаў, што паспрыяе стварэньню новых працоўных месцаў, будзе разьвіваць інфраструктуру і павышаць узровень жыцьця. За мяжой ужо ня так часта пачуеш крыўднае «Што гэта за краіна? Частка Расеі? Няўжо ў вас ёсьць што паказаць? Гэта ж дзікі край, туды страшна ехаць».
«Мы лічым, што гэты праект важны для кожнага, хто любіць Беларусь, ганарыцца ёй і хоча ўсім паказаць шматграннасьць і таямнічасьць нашай зямлі. У нас даволі шмат неабыякавых да лёсу краіны людзей, якія разумеюць, чаму трэба паказваць іншаземцам, што ў нас сучасная краіна, у якой жывуць працавітыя і шчырыя людзі, якія гасьцінна сустрэнуць усіх і пакажуць багатую культурную і прыродную спадчыну, якая стваралася на працягу стагодзьдзяў».
Цяпер каманда распрацоўнікаў складаецца з 9 чалавек, сярод якіх перакладчыкі, дызайнэр, кантэнт-мэнэджары, кіраўнік праекту і ідэйны натхняльнік. Але ім патрэбна дапамога, бо адных іхных намаганьняў недастаткова. Падтрымаць праект можна тут.