Далейшы лёс газэт The Financial Times і The New York Times у Расеі будзе залежаць ад таго, ці апублікуюць яны абвяржэньне распаўсюджанай імі інфармацыі пра статыстыку сьмяротнасьці ў краіне ад каранавірусу, заявіла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.
У МЗС Расеі публікацыі The Financial Times і The New York Times назвалі «беспадстаўнымі спэкуляцыямі» і «чарговым сэнсацыйным антырасейскім фэйкам».
У газэце The New York Times ўжо заявілі, што ўпэўнены ў дакладнасьці артыкулу. «Мы ўпэўненыя ў дакладнасьці нашага матэрыялу, заснаванага на зьвестках, апублікаваных афіцыйным дзяржаўным ведамствам і інтэрвію з экспэртамі дзяржаўных інстытутаў. Ніякія факты, прыведзеныя ў нашым артыкуле, не аспрэчваюцца», — заявіў віцэ-прэзыдэнт у камунікацыях The New York Times Даніэл Роўдс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі працягваецца вялікі прырост заражэньняў каранавірусамУ публікацыях The Financial Times і The New York Times гаварылася пра тое, што сьмяротнасьць ад каранавірусу ў Маскве і Санкт-Пецярбургу можа быць на 70% вышэйшая за афіцыйную статыстыку. У якасьці доказаў прыводзіліся афіцыйныя зьвесткі аб ліку памерлых у гэтых двух гарадах, у адпаведнасьці зь якімі лік смерцяў у красавіку 2020 амаль на 2 тысячы перавышае паказьнік 2019 году.
У прыватнасьці, выданьне The New York Times са спасылкай на зьвесткі маскоўскіх ЗАГСаў пісала, што ў красавіку 2020 году ў Маскве было зарэгістравана на 1,7 тысячы сьмерцяў больш у параўнаньні зь сярэднім пяцігадовым паказьнікам для гэтага месяца. Пры гэтым афіцыйная колькасьць памерлых ад каранавірусу ў Маскве ў красавіку склала 642 чалавекі. Зыходзячы з гэтага, аўтары артыкулу робяць выснову, што афіцыйная статыстыка сьмяротнасьці ад COVID-19 можа быць заніжаная ў некалькі разоў.
Раней Дзяржаўная дума Расеі зьвярнулася да расейскага МЗС з просьбай прыняць у дачыненьні да The Financial Times і The New York Times меры, аж да пазбаўленьня іх акрэдытацыі ў Расеі.