Былога кіраўніка выбарчага штабу Дональда Трампа лабіста Пола Манафорта перавялі з турмы пад хатні арышт у сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі, — паведаміла агенцтва Associated Press.
71-гадовы Пол Манафорт мае праблемы са здароўем і трапляе ў групу рызыкі для COVID-19. Ён адбывае сем з паловай гадоў зьняволеньня за ўхіленьне ад выплаты падаткаў, махлярства ў банкаўскім сэктары і парушэньне правілаў замежнага лабізму.
Манафорт быў асуджаны ў сакавіку 2019 году. Яго абвінавачвалі ў тым ліку ў парушэньні закона падчас працы палітычным кансультантам экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік штабу Трампа казаў, што сэрвэр Дэмпартыі ЗША ўзламала ЎкраінаПадчас працэсу Манафорт папрасіў прабачэньня перад судом за свае дзеяньні і прасіў пра зьмякчэньне пакараньня.
Манафорт быў прыцягнуты да адказнасьці паводле ініцыятывы спэцпракурора Робэрта Мюлера, які расьсьледаваў умяшаньне Расеі ў выбары ў ЗША. Абвінавачваньні, паводле якіх ён быў асуджаны, наўпрост не зьвязаныя з Расеяй.