Нацыянальны банк Беларусі прагназуе інфляцыю па выніках 2020 году ў дыяпазоне 5–6%, паведаміў 13 траўня на брыфінгу старшыня праўленьня Нацбанку Павал Калаўр, якога цытуе БелТА.
«Паскарэньне росту цэнаў, якое адбылося ў I квартале, будзе адбівацца на гадавой інфляцыі на працягу ўсяго бягучага году. Па выніках 2020 году яна прагназуецца ў дыяпазоне 5–6%», — сказаў Павал Калаўр.
Паводле яго, цяперашняе паскарэньне росту цэнаў — часовае. Чакаецца, што ў ІІ паўгодзьдзі тэмпы іх росту запаволяцца і вернуцца да ўзроўню канца 2019 году, а на пачатку 2021 году гадавыя тэмпы росту цэнаў ня будуць перавышаць 5%.
Паскарэньне інфляцыі ў I квартале Нацбанк тлумачыць зьнешнімі фактарамі: на фоне зьніжэньня ўсясьветных цэнаў на нафту і курсу расейскага рубля адбылося аслабленьне беларускага рубля. Ва ўмовах пандэміі каранавірусу і ўвядзеньня за мяжой карантынных захадаў у Беларусі павысіўся попыт на прадукты харчаваньня працяглага захоўваньня і тавары першай неабходнасьці. Пагоршыліся эканамічныя настроі, вырасьлі інфляцыйныя чаканьні.
Эканаміст: інфляцыя будзе вышэй, чым 5-6%
Заяву старшыні Нацбанку Свабодзе пракамэнтаваў эканаміст Леанід Злотнікаў. На яго думку, інфляцыя па выніках 2020 году будзе вышэй, чым прагназуе Нацбанк.
«Ня думаю, што інфляцыя застанецца ў межах 5-6%, яна будзе вышэй, але якой — сказаць сёньня складана.
Стаўка рэфінансаваньня зьніжаная для таго, каб дапамагчы прадпрыемствам, каб яны змаглі браць крэдыты крыху таньней у гэты складаны час. Але тут гэтая доля працэнту нічога ня вырашыць, нашым прадпрыемствам дапамагчы немагчыма, нават калі прапанаваць ім крэдыты пад 8%, крэдыты павінны быць значна таньней, бо эканоміка прадпрыемстваў у цяжкім становішчы», — лічыць Злотнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфляцыя з пачатку году склала 3,3%. Што найбольш падаражэла ў красавікуПаводле ранейшых плянаў ураду, інфляцыя па выніках 2020 году не павінна была перавысіць 5%. Па выніках 2019 году інфляцыя нават адстала ад росту сярэдніх налічаных заробкаў — 4,7% (заробкі за год вырасьлі на 5,5%).
З пачатку 2020 году інфляцыя ў Беларусі склала 3,3%.
Міжнародны валютны фонд чакае, што сярэднегадавая інфляцыя ў Беларусі ў 2020–2021 гадах складзе 5,6%. Таксама ў сярэдзіне красавіка МВФ прагназаваў падзеньне беларускай эканомікі ў 2020 годзе на 6%. Прагназуе паскарэньне інфляцыі ў Беларусі ў найбліжэйшыя месяцы і Эўразійскі банк.
13 траўня Нацбанк зьнізіў стаўку рэфінансаваньня з 20 траўня да 8% гадавых.