«Мы пойдзем да апошняга». Бацькі дзяцей-інвалідаў просяць Лукашэнку не закрываць іх рэабілітацыйны цэнтар у Мазыры

Цэнтар мэдычнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга»

Мазырскія ўлады вырашылі ліквідаваць Цэнтар мэдычнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга». У цэнтры праходзяць мэдычную, сацыяльную, псыхалягічную рэабілітацыю каля 50 дзяцей-інвалідаў. Бацькі, іх дзеці і грамадзкасьць супраць закрыцьця ўнікальнага для рэгіёну цэнтру.

Што здарылася

30 сакавіка старшыня Мазырскага райвыканкаму падпісала рашэньне пра ліквідацыю з 1 ліпеня цэнтру «Радуга». У дакумэнце паведамлялася, што цэнтар ліквідуецца на прапанову гарадзкой паліклінікі, у падпарадкаваньні якой знаходзіцца «Радуга». Улады паведамілі, што ў будынку цэнтру разьмесьцяць дзіцячы садок.

У рэабілітацыйным цэнтры «Радуга»

Бацькам дзяцей-інвалідаў прапанавалі наведваць Цэнтар карэкцыйна-разьвіцьцёвага навучаньня і рэабілітацыі і аддзяленьне дзённага наведваньня Цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва. Бацькі ж кажуць, што гэтыя варыянты не падыходзяць, бо не прыстасаваныя для асаблівых дзяцей зь фізычнымі парушэньнямі.

Унікальны для рэгіёну цэнтар рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў адкрыўся ў 1995 годзе пры спонсарскай падтрымцы нямецкіх дабрачынных фондаў і Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Нямецкія фонды дапамаглі маладым інвалідам з унікальным абсталяваньнем — адмысловымі прыладамі і трэнажорамі, якія дазваляюць праходзіць паўнавартасную мэдычную рэабілітацыю.

Пацыенты «Радугі» знаходзяцца тут з 7 да 17 гадзін, маюць магчымасьць як праходзіць рэабілітацыю, так і вучыцца, займацца з псыхолягамі, лягапэдамі, удзельнічаць у працы гурткоў. Ніводзін райцэнтар Гомельскай вобласьці ня мае такой установы.

Як адстойваюць Цэнтар бацькі дзяцей-інвалідаў

Бацькі дзяцей-інвалідаў ня згодныя з рашэньнем уладаў. Яны

  • стварылі ініцыятыўную групу;
  • напісалі шэраг калектыўных зваротаў у дзяржаўныя інстанцыі: Адміністрацыю прэзыдэнта, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Генэральную пракуратуру;
  • стварылі пэтыцыю ў абарону цэнтру, якая сабрала амаль 17 тысяч подпісаў;
  • праводзяць у Мазыры акцыю «Неабыякавы грамадзянін», сабралі сярод жыхароў гораду 5 тысяч подпісаў у падтрымку «Радугі»;
  • зладзілі шэраг акцый у падтрымку цэнтру, дзеці-інваліды і ўсе неабыякавыя грамадзяне праводзяць інтэрнэт-флэшмоб з просьбай да уладаў не закрываць «Радугу». Дзеці-інваліды зьвяртаюцца наўпрост да Аляксандра Лукашэнкі.

Што адказваюць улады

Звароты бацькоў з Адміністрацыі прэзыдэнта перанакіравалі ў Гомельскі аблвыканкам, з Генэральнай пракуратуры — у абласную, адтуль — ва ўпраўленьне аховы здароўя.

Абласное ўпраўленьне аховы здароўя адказала, што:

  • мэдыцынскую рэабілітацыю для дзяцей-інвалідаў у Гомельскай вобласьці можна атрымаць у абласным дзіцячым шпіталі мэдыцынскай рэабілітацыі, абласным дзіцячым цэнтры «Верасок», а таксама ў рэспубліканскіх установах;
  • для дзяцей-інвалідаў у Мазырскім раёне працуюць Цэнтар карэкцыйна-разьвіцьцёвага навучаньня і рэабілітацыі і аддзяленьне дзённага наведваньня Цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва;
  • «улічваючы недастатковую загружанасьць цэнтру (будынак разьлічаны на 240 наведваньняў за зьмену, фактычна яго наведваюць 32-40 пацыентаў), функцыянаваньне ў Мазыры яшчэ дзьвюх устаноў, якія прапаноўваюць паслугі, аналягічныя тым, якія ў „Радузе“, вострую неабходнасьць у адкрыцьці дзіцячага садку і прынята рашэньне пра ліквідацыю».

Аналягічны адказ — слова ў слова — даслаў і Гомельскі аблвыканкам.

Флэшмоб дзяцей-інвалідаў, у якія яны зьвяртаюцца да Лукашэнкі з просьбай не забіраць «Радугу»

Чаму прапановы ўладаў не задаволілі бацькоў

У скаргах ва ўсе інстанцыі бацькі дзяцей-інвалідаў зазначаюць, што рашэньне пра ліквідацыю «Радугі» незаконнае і дыскрымінуе інвалідаў. Яны падкрэсьліваюць, што выканкам прымаў рашэньне без уліку думкі бацькоў і грамадзкасьці.

Дзеці просяць Аляксандра Лукашэнку не забіраць «Радугу»

«У выніку закрыцьця цэнтру нашы дзеці апынуцца зачыненымі ў сваіх кватэрах, будуць пазбаўлены магчымасьці праходзіць мэдыцынскую рэабілітацыю, кантактаваць адно з адным, разьвівацца, сацыялізавацца», — гаворыцца ў зваротах.

У горадзе, паводле бацькоў, больш няма дзе праходзіць мэдыцынскую рэабілітацыю дзецям-інвалідам. Напрыклад, у дзіцячым шпіталі кабінэты масажу, фізіятэрапіі знаходзяцца на трэцім паверсе, ліфт не працуе. Кабінэту лячэбнай фізкультуры няма ўвогуле.

Не закрывайце «Радугу»!

Аддзяленьне дзённага наведваньня інвалідаў, паводле бацькоў, не прыстасавана для вазочнікаў, час наведваньня там — толькі чатыры гадзіны, няма гарачага харчаваньня, абмежаваная колькасьць месцаў, у штаце няма мэдыка, адсутнічаюць пандусы і ліфт, дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі туды ня возьмуць, пра мэдыцынскую рэабілітацыю няма гаворкі.

Цэнтар карэкцыйна-разьвіцьцёвага навучаньня і рэабілітацыі таксама не прыстасаваны для вазочнікаў, гэта трохпавярховы будынак бяз ліфта і пандусаў, няма такой лячэбнай базы, як у «Радугі».

Што гавораць бацькі

Жыхарка Мазыра Дана Блізьнец выхоўвае 10-гадовую Лізу. Цэнтар «Радуга» дзяўчынка наведвае з 2017 году. У Лізы 4-я ступень страты здароўя, ДЦП.

Дана Блізьнец з дачкой Лізай

У «Радузе» Ліза атрымлівала комплекснае абслугоўваньне — адукацыю, мэдыцынскую рэабілітацыю — масаж, лячэньне цяплом і сьвятлом, лячэбную фізкультуру; займалася зь лягапэдам, псыхолягам, наведвала гурткі.

«Рашэньне выканкаму я лічу незаконным і дыскрымінуючым. Улады прапанавалі нам наведваць сярэднюю школу для атрыманьня адукацыі. Але Ліза са сваімі дыягназамі і індывідуальным плянам рэабілітацыі ня мае права наведваць школу, згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя. Цяпер „Радугу“ закрыюць, а маё дзіця застанецца ў чатырох сьценах, без магчымасьці стасункаў зь дзецьмі, сацыялізацыі», — кажа Дана. Яна пералічвае інстанцыі, куды зьвярталася са сваёй праблемай, накіроўвала індывідуальныя і калектыўныя скаргі.

Ліза просіць улады не закрываць «Радугу»

«Атрымліваўся футбол. Перасылалі з інстанцыі ў інстанцыю. Накіроўваюць нас у карэкцыйна-разьвіцьцёвы цэнтар. Але маё дзіця туды ня возьмуць, таму што там няма ўмоў для інвалідаў-вазочнікаў — гэта раз. Другое — у Лізы захаваны інтэлект, а карэкцыйна-разьвіцьцёвы цэнтар — для дзяцей з псыхічнымі парушэньнямі. Там нават няма інструктара ЛФК. Гэты цэнтар для дзяцей, якія могуць самі перасоўваюцца. Але ж нашы ня могуць!» — зазначае Дана.

Дзеці з цэнтру просяць Аляксандра Лукашэнку не забіраць «Радугу»

Яна і іншыя бацькі былі ў аддзяленьні дзённага наведваньня інвалідаў.

«Там няма ліфта, вазок не пралазіць у прыбіральню, нават у дзьверы не пралазіць», — кажа жыхарка Мазыра. «Мясцовыя ўлады гатовыя абяцаць усё што заўгодна, нават немагчымае, абы толькі бацькі супакоіліся і перасталі пісаць скаргі ва ўсе інстанцыі. На прапанову даць іншае памяшканьне для цэнтру «Радуга» яны, не саромеючыся, кажуць бацькам: «Такога цэнтру вам ня будзе», — дадала Дана.

Дыяна

Жыхарка Мазыра Дыяна адна выхоўвае 15-гадовага Стаса. Ён мае ДЦП.

«Наш цэнтар „Радуга“ ўнікальны, ён ня мае аналягаў. Там шмат трэнажораў, выдатныя спэцыялісты — масажысты, псыхолягі, выхавальнікі. Яны столькі ўвагі аддаюць дзецям!

Мне самой цяжка цягаць яго. А ў „Радугу“ яго і завезьлі, і прывезьлі, там і навучаньне, і рэабілітацыя, і сацыяльныя стасункі.

Стас

Цяпер што? Дзеці будуць сядзець у чатырох сьценах дома», — з роспаччу кажа Дыяна.

Яна зьвяртае ўвагу, што на адкрыцьцё «Радугі» былі затрачаныя спонсарскія грошы, дзяржава там не ўкладалася. А цяпер улады хочуць пазбавіць дзяцей унікальнага цэнтру.

«Мы пойдзем да апошняга. Пойдзем у суд», — дадала Дзіяна.

Флэшмоб з просьбай не закрываць «Радугу»