11 траўня ў рэанімацыі першага гарадзкога шпіталя Гомля памёр 56-гадовы Анатоль. Ён адчуваў сябе кепска ад 21 красавіка. «З паліклінікі адправілі дахаты, сказалі піць ангрымакс. Выклікалі хуткую — тыя абураліся», — кажа яго грамадзянская жонка Алена.
56-гадовы Анатоль захварэў 21 красавіка: падскочыла тэмпэратура, пачаўся сухі кашаль.
«Ён пайшоў да лекара ў паліклініку. Прызначылі ангрымакс. Тры дні прапіў — тэмпэратура і кашаль не прайшлі. Ні здымак, ні аналізы адразу не рабілі. Прапісалі антыбіётык. Але па-ранейшаму лепш не станавілася. Неяк ноччу ён ня мог заснуць, была задышка. Анатоль папрасіў выклікаць хуткую, сказаў мне, што варта ехаць у шпіталь. Тэмпэратуру зьбілі парацэтамолам. Прыехала хуткая. Мэдыкі фактычна нічога не рабілі, толькі памералі тэмпэратуру. Абураліся — маўляў, навошта нас выклікалі. Сказалі зьвяртацца да ўчастковага лекара і паехалі», — кажа Алена.
Лепш Анатолю не станавілася. У выніку, пасьля таго як шэсьць дзён прапіў антыбіётыкі, ён зноў пайшоў на прыём у паліклініку. Адтуль адразу накіравалі ў шпіталь.
«Там калолі антыбіётыкі, зьбівалі тэмпэратуру, але ніжэй за 37,5 яна не апускалася, падымалася і да 39 градусаў. Задышка не праходзіла. Ставілі кропельніцы, зьмянялі антыбіётыкі. Прымянялі экспэрымэнтальнае лячэньне — ад малярыі. Тэст на каранавірус узялі ў шпіталі, на сёмы дзень прыйшоў вынік — станоўчы», — узгадвае жыхарка Гомля.
«Яшчэ перад шпіталем, калі пачашчаўся пульс, узьнікала задышка, Анатоль казаў: «Калі са мной нешта здарыцца...» Тлумачыў, дзе грошы, дзе якія рэчы, словам... Мабыць, ён прадчуваў, што можа памерці... Я супакойвала яго. Зь лякарні Анатоль тэлефанаваў, казаў, што яму вельмі цяжка, была вялікая слабасьць, ня мог падняцца з ложка, дыхаў з кіслароднай падушкі. Раніцай 11 траўня я патэлефанавала — а тэлефон ужо не адказваў. Потым слухаўку ўзяла мэдсястра і сказала, што Анатоля перавялі ў рэанімацыю. Я спыталася ў лекара, ці будзе муж жыць. Яна адказала: «Вы не туды зьвяртаецеся, я ня ведаю...», — празь сьлёзы кажа Алена.
Увечары 11 траўня патэлефанавалі са шпіталя і сказалі, што Анатоль памёр. Алена не была на яго пахаваньні — яна кантакт першага ўзроўню і знаходзіцца на самаізаляцыі. Першы яе тэст паказаў адмоўны вынік. Хавалі Анатоля сваякі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя патэлефанаваў Лукашэнку«Цела, перад тым як аддаць, кварцавалі паўгадзіны. Калі ўскрывалі, лёгкія былі быццам матавае шкло... Хавалі сярод аднолькавых магіл, якія вырасьлі як грыбы», — дадае жыхарка Гомля.
Яна кажа, што Анатоль быў сьветлым чалавекам, жыцьцярадасным, ва ўсім падтрымліваў усіх, не пакідаў без увагі ніводнай просьбы, «дрэннага слова ад яго ніхто ня чуў». Ён быў вернікам, рыма-каталіком, часта хадзіў у касьцёл, чытаў літургічныя чытаньні.
«Мы нядаўна пачалі жыць разам, плянавалі вырашыць свае фінансавыя праблемы і зарэгістраваць шлюб, павянчацца, — кажа Алена. — Але не пасьпелі... Дзе Анатоль мог заразіцца — ня ведаю. Працаваў на прадпрыемстве сьлесарам. У транспарце, у краме — дзе заўгодна мог падхапіць. Бо многія такія ж хворыя ходзяць і езьдзяць па горадзе».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ