У бабруйскай гімназіі патрабуюць асабіста наведваць заняткі па дапрызыўнай і мэдычнай падрыхтоўцы. Іншыя прадметы можна вывучаць дыстанцыйна.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У рэдакцыю Свабоды зьвярнуліся вучні бабруйскай гімназіі № 3. Паводле іх, яны ўжо два месяцы навучаюцца дыстанцыйна, няшмат дзяцей вучацца офлайн. Але з 11 траўня вучняў прымусілі пайсьці ў школу на заняткі па мэдычнай і дапрызыўнай падрыхтоўцы — пад пагрозай неатэстацыі за год па ўсіх прадметах.
«І гэта чамусьці ніяк нельга зрабіць дыстанцыйна, абавязкова павінны ўсе быць», — кажуць вучні. У іхнай гімназіі на заняткі па мэдычнай і дапрызыўнай падрыхтоўцы выдзяляецца адзін тыдзень.
Яны дадаюць, што «не для гэтага сядзелі 2 месяцы на самаізаляцыі, каб потым прыйсьці ў клясу, дзе будзе шмат людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі шмат пытаньняў з гэтым». Міністэрства адукацыі пра атэстацыю школьнікаў, якія засталіся домаДырэктар гімназіі Ўладзімер Саковіч у размове сказаў Свабодзе, што толькі выйшаў з адпачынку, і параіў тэлефанаваць ва ўпраўленьне адукацыі.
Начальніца ўпраўленьня адукацыі Бабруйскага гарвыканкаму Алена Лісіца патлумачыла, што паняцьця «дыстанцыйнае навучаньне» ў Беларусі няма.
«Паводле Кодэксу аб адукацыі яно не прадугледжана. Я лічу, што ў мяне няма неабходнасьці камэнтаваць гэтую сытуацыю. Адукацыйны працэс ва ўсіх школах і гімназіях у нас у штатным рэжыме. І ўсе спрэчныя сытуацыі і праблемныя пытаньні вырашаны. Больш ніякіх камэнтароў я даваць ня буду», — сказала Лісіца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настаўнікі: «Загадалі, каб пасьля выходных усе дзеці вярнуліся ў школы»Празь некаторы час вучні паведамілі Свабодзе, што ў гімназіі нібыта выявілі чалавека з каранавірусам.
«Ня ведаю, зь якой прычыны — праз ваш званок ці праз каранавірус, — але нас пераводзяць на дыстанцыйнае навучаньне!»
Апэратыўна атрымаць камэнтар гімназіі наконт выпадку каранавірусу Свабодзе не ўдалося.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ