Кіраўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя патэлефанаваў Лукашэнку

Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Аданом Гебрэесус

Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрас Аданом Гебрэесус 12 траўня паразмаўляў па тэлефоне з Аляксандрам Лукашэнкам.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пра гэта паведамляе пакуль толькі прэс-служба Лукашэнкі — на момант публікацыі паведамленьняў пра размову з боку WHO не было.

Паводле прэс-службы Лукашэнкі:

  • размова была ініцыяваная кіраўніцтвам WHO;
  • кіраўнік WHO прасіў расказаць аб абстаноўцы ў Беларусі і пацікавіўся, якая падтрымка патрэбная краіне ад яго арганізацыі;
  • Лукашэнка расказаў пра стан сыстэмы аховы здароўя агулам, а таксама выбранай стратэгіі барацьбы з каранавірусам;
  • Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што «на сённяшні дзень непакой выклікаюць пнэўманіі, лячэньню якіх надаецца найбольшая ўвага»;
  • галоўная задача, паводле Лукашэнкі, гэта «не дапусьціць скачка ўзроўню сьмяротнасьці»;
  • кіраўнік WHO адзначыў, што «кожная краіна ва ўмовах пандэміі выкарыстоўвае свае мэтады барацьбы, рэагаваньня на сытуацыю, адзіных рэцэптаў і правілаў тут не існуе»;
  • кіраўнік WHO падзякаваў Лукашэнку і беларускім уладам за «за глыбокую ўцягнутасьць ў працэс, пра што ён добра дасьведчаны»;
  • Лукашэнка падзякаваў кіраўніку WHO за прыезд у Беларусь місіі WHO у красавіку, Аданом падзякаваў Лукашэнку за прыём адмыслоўцаў і стварэньне ўмоваў для працы;
  • Лукашэнка запрасіў кіраўніка WHO ў Беларусь, той прыняў прапанову і паабяцаў прыехаць па заканчэньні пандэміі.

Слова «каранавінрус», назва вірусу SARS-CoV-2 і хваробы COVID-19, не ўжываюцца ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі.

Раней дзяржаўныя СМІ перадавалі далёка ня поўную інфармацыю аб заявах прадстаўнікоў WHO аб сытуацыі ў Беларусі — паведамлялі пра тое, за што Беларусь хвалілі, і не паведамлялі пра крытыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінздароўя Беларусі паведаміла пра 7 памерлых ад каранавірусу за суткі. Гэта антырэкорд

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» з нагоды выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго, як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, ціснуць рукі пры сустрэчы. Прэзыдэнцкія выбары праз каранавірус ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ