Міністар энэргетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас зьвярнуўся ў МАГАТЭ ў сувязі з адсутнасьцю дамовы паміж Вільняй і Менскам аб раньнім апавяшчэньні пра ядзерную аварыю.
«Беларусь яшчэ не падпісала двухбаковае пагадненьне аб раньнім апавяшчэньні пра ядзерную аварыю. Такая сытуацыя ня можа быць прымальнай практыкай, да якой можна было б ставіцца памяркоўна, паколькі гаворка ідзе пра бясьпеку дзяржаў і людзей», — напісаў Вайчунас у лісьце генэральнаму дырэктару МАГАТЭ Рафаэлю Гросі.
Міністар адзначыў, што ў Беларусі працавалі некалькі місій МАГАТЭ. Аднак, як ён сьцьвярджае, «ні іх справаздачы, ні справаздачы аб рэалізацыі іхных рэкамэндацый да гэтага часу не апублічаныя, а адмова Менску публікаваць такія даклады перашкаджае празрыстай ацэнцы місій».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская антыядзерная кампанія заклікала адмяніць пуск БелАЭС у сувязі з пандэміяй. Мінэнэрга адказалаВайчунас таксама заявіў, што давер да МАГАТЭ цяпер залежыць выключна ад дзеяньняў самога агенцтва і належнай рэакцыі на сытуацыю ў Беларусі, да якой «нельга ставіцца цярпіма».
У мінулую сераду Міністэрства энэргетыкі Беларусі паведаміла, што дастаўлена паліва для першага рэактара БелАЭС. Рэагуючы на гэта, Літва заклікала Менск адкласьці запуск станцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта чысты папулізм і крывадушнасьць». Чаму Рух супраць БелАЭС не аб’яднаў літоўскіх палітыкаў