Брытанцам ад серады дазволяць гуляць і займацца спортам у парках

Борыс Джонссан падчас выступу.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан абвясьціў пра частковае паслабленьне карантынных захадаў, уведзеных у канцы сакавіка з прычыны пандэміі каранавірусу.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Напярэдадні вечарам у звароце да нацыі Джонсан паведаміў, што з панядзелка людзям, якія ня могуць працаваць з дому, будзе дазволена хадзіць на працу. Аднак, па магчымасьці, ня варта карыстацца грамадзкім транспартам.

Зь серады цалкам здымаюцца абмежаваньні на прагулкі і заняткі спортам на сьвежым паветры пры захаваньні дыстанцыі. Адначасова для парушальнікаў сацыяльнага дыстанцыяваньня ўводзяцца павышаныя штрафы — іх сума можа дасягаць больш за 3 тысячы фунтаў.

Паводле Джонсана, цяпер замест закліку «заставайцеся дома» ўводзіцца новы лёзунг: «Захоўвайце пільнасьць». Гаварыць аб зьняцьці карантынных захадаў або аб сур’ёзным паслабленьні абмежаваньняў пакуль рана, лічыць брытанскі прэм’ер. Крамы і школы змогуць адкрыцца не раней за 1 чэрвеня, а пабы, рэстараны і гатэлі — не раней за ліпень, адзначыў ён.

Абвешчаныя Джонсанам захады дзейнічаюць толькі для Ангельшчыны — улады Шатляндыі, Уэльсу і Паўночнай Ірляндыі будуць прымаць рашэньне самастойна. Ва Ўэльсе ўжо заявілі, што ня будуць здымаць абмежаваньні.

Кіраўніца ўраду Шатляндыі Нікала Стэрджэн заявіла, што не разумее значэньня лёзунгу «захоўвайце пільнасьць»: паводле яе, замест дакладнага сыгналу заставацца дома брытанцы атрымалі «нешта куды больш цьмянае», паведамляе Расейская служба BBC.

У Вялікай Брытаніі на сёньняшні дзень выяўлена амаль 220 тысяч заражэньняў каранавірусам, больш за 31 тысячу пацыентаў памерлі.

Абмежаваньні, уведзеныя ў сувязі з каранавірусам, аслабляюць і ў іншых краінах Эўропы.

  • У Францыі ад сёньняшняга дня зноў дазволена выходзіць на вуліцу без прапускоў. Здымаюцца абмежаваньні на заняткі спортам і шпацыры. Аднаўляюць працу цырульні і крамы.
  • У Нямеччыне дазволена сустракацца прадстаўнікам мінімум дзьвюх сем’яў, адкрываюцца вялікія крамы, у некаторых рэгіёнах — рэстараны.
  • У Гішпаніі ўпершыню амаль за два месяцы зноў дазволена выходзіць на вуліцу палове 47-мільённага насельніцтва краіны, але пры строгім захаваньні сацыяльнай дыстанцыі. Рэстаранам дазволена аднавіць абслугоўваньне кліентаў у абмежаваным аб’ёме і толькі на адкрытым паветры. Мадрыд і Барсэлёна з прычыны страху перад другой хваляй эпідэміі пакуль застаюцца на карантыне.