Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 9 жніўня, сьпісы ініцыятыўных груп трэба падаць да 15 траўня. Партыі БНФ і «Справядлівы сьвет» адмовіліся ад удзелу, праймэрыз «перафарматавалі», БСДГ, ЛДПБ і «Гавары праўду» выстаўляюць па кандыдаце, Статкевіч — тры дзясяткі «кандыдатаў пратэсту», у тым ліку зьняволенага блогера Ціханоўскага.
Цягам 10–11 траўня зьявіліся яшчэ чатыры чалавекі, якія заявілі аб жаданьні балятавацца. Заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў падалі таксама тры «кандыдаты пратэсту» Статкевіча: Вераніка Мішчанка, Анжаліка Жалезьнякова і Аляксандар Грачышнікаў.
Ганцэвіч ішоў у дэпутаты на трактары, з казой і каровай
44-гадовы фэрмэр-блогер Юры Ганцэвіч у вёсцы Пакалюбічы гадуе коз, кароў і авечак. Летась на Youtube-канале ён займеў нечаканы посьпех з ролікам пра дарожны збор, пасьля балятаваўся ў дэпутаты і ладзіў пікет на трактары, браў на перадвыбарчую агітацыю карову і казу.
Цяпер ён абвясьціў, што ідзе ў прэзыдэнты, каб змагацца з «анархіяй чыноўнікаў» і быць «запасным варыянтам Ціханоўскага».
Правальскі ўжо спрабаваў пайсьці ў прэзыдэнты 10 гадоў таму — забракавалі подпісы
Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта ў 2010 годзе, 60-гадовы прадпрымальнік Уладзімер Правальскі зь Віцебску абвясьціў 11 траўня пра сваё вылучэньне на цяперашнія выбары. У БелаПАН праз электронную пошту паступіла фота ягонай рукапіснай заявы аб стварэньні ініцыятыўнай групы для збору подпісаў выбарнікаў.
Правальскі вядомы тым, што 10 гадоў таму толькі 118 з 109 338 подпісаў, сабраных за яго вылучэньне, прызналі сапраўднымі: астатнія, на думку Цэнтравыбаркаму, былі скапіяваныя.
У адказ прэтэндэнт заявіў, што расцэньвае дзеяньні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі як перавышэньне паўнамоцтваў і будзе іх абскарджваць. Яго словы кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына пракамэнтавала так: «Сапраўды, Астап Бэндэр адпачывае».
Кісель удзельнічала ў перамовах перавозчыкаў зь Мінтрансам пра польскія «дазволы»
51-гадовая менская прадпрымальніца Натальля Кісель фармуе групу па зборы подпісаў, паведаміў Auto.tut.by кіраўнік ейнага штабу, старшыня асацыяцыі грузаперавозчыкаў «Рэгіён-8» Сяргей Штода.
Натальля Кісель ня мае палітычнага досьведу, але ўдзельнічала ў перамовах грузаперавозчыкаў зь Міністэрствам транспарту вакол канфлікту з польскімі дазволамі на паездкі для беларускіх дальнабойшчыкаў.
Патэнцыйная кандыдатка мае тры вышэйшыя адукацыі. Працуе і як індывідуальная прадпрымальніца, і як намесьніца дырэктара кампаніі «Кісель В.В.». Замужам, мае двух дзяцей.
Арцюхоў «стаяў ля вытокаў» адраджэньня БХД
39-гадовы менскі прадпрымальнік, уладальнік друкарні «Капірфільд» і каталіцкі актывіст Мікалай Арцюхоў таксама зьбірае сваю ініцыятыўную групу, пра што расказвае ў сацсетках.
«Наша ніва» згадвае, што Арцюхоў «стаяў ля вытокаў» адраджэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (такая партыя была заснаваная ў 1927 годзе, рух адрадзілі ў 2009-м, але партыя дагэтуль не зарэгістраваная). Цяпер Арцюхоў ідзе не ад БХД, а заяўляе пра ўласны рух «Адзінства». Піша, што падтрымлівае Ціханенку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыі БНФ, «Зялёныя» і «Справядлівы сьвет» адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах. Ад імя Цапкалы новая заяваПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.