Зьніклы 9 траўня няштатны карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў затрыманы за нібыта адміністрацыйнае правапарушэньне.
Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка журналіста Алена Асіпцова, якой гэтую інфармацыю пацьвердзілі афіцыйна.
«Пазванілі з магілёўскага ізалятара і сказалі што Алесь Асіпцоў знаходзіцца ў іх за адміністрацыйнае правапарушэньне да суду. Сказалі, што суд будзе хутчэй за ўсё заўтра», — сказала Алена Асіпцова.
Паводле якога артыкула зьбіраюцца судзіць журналіста — невядома.
Абноўлена: Суд над журналістам БелаПАН Алесем Асіпцовым адбудзецца 12 траўня, у першай палове дня ў Кастрычніцкім судзе Магілёва. Памочніца старшыні суду патлумачыла адкладаньне працэсу загруджанасьцю судзьдзяў.
***
9 траўня ў Бабруйску прайшоў несанкцыянаваны «антыпарад», на які заклікаў блогер Сяргей Ціханоўскі. Перад акцыяй затрымалі шэраг журналістаў, сярод якіх быў і Алесь Асіпцоў.
Шэраг калегаў Асіпцова і ягоная жонка тэлефанавалі ў бабруйскія УУС і РАУС, а таксама ў ДПС — там не далі ніякай дакладнай інфармацыі пра Алеся, а жонцы параілі пісаць заяву аб зьнікненьні. Тэлефон Асіпцова па-ранейшаму недасяжны.
Дачка журналіста прасачыла тэлефон бацькі праз адмысловую праграму — апарат знаходзіцца ў Бабруйску, на вуліцы Гогаля, 18. Гэта аддзел міліцыі Ленінскага раёну Бабруйску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля затрыманьняў у Бабруйску зьнік журналіст Алесь АсіпцоўБелаПАН адзначае, што перад «антыпарадам» быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак блогер Сяргей Ціханоўскі, які заклікаў на акцыю. Былі затрыманыя таксама журналісты, якія асьвятлялі несанкцыянаваныя акцыі: апэратар-фрылянсэр Міхаіл Аршынскі, журналіст-фрылянсэр Зьміцер Лупач (супрацоўнічае зь «Белсатам»), журналіст і праваабаронца Аляксандар Буракоў (супрацоўнічае з Deutsche Welle), апэратар Аляксандар Баразенка (супрацоўнічае зь «Белсатам») і яшчэ каля 15 удзельнікаў акцыі.
Баразенку вызвалілі праз тры гадзіны ў міліцыі. Аршынскі і Буракоў, паводле БАЖ, у ізалятары ў Магілёве, Лупач — у ізалятары ў Глыбокім. Чакаецца, што суды над імі пройдуць у панядзелак.