У Англіі будзе ўведзена сыстэма папярэджаньня аб небясьпецы заражэньня Covid-19. Чакаецца, што пра гэта ў нядзелю ўвечары абвесьціць прэм’ер-міністар Борыс Джонсан у сваім тэлезвароце па эпідэміялягічнай сытуацыі, паведамляе BBC.
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Згодна з гэтай сыстэмай, узровень пагрозы заражэньня будзе вызначацца па шкале ад 1 да 5 балаў і мяняцца ў залежнасьці ад атрыманых даных.
Новая сыстэма запрацуе толькі на тэрыторыі Англіі, аднак цэнтральныя ўлады сумесна зь мясцовым самакіраваньнем Шатляндыі, Уэльса і Паўночнай Ірляндыі распрацоўваюць падобныя сыстэмы для гэтых частак Вялікабрытаніі.
Як мяркуецца, новая сыстэма з узроўнем небясьпекі ад зялёнага (1-ы) да чырвонага (5-ы) будзе падобная да той, што выкарыстоўваецца для абвесткі насельніцтва пра тэрарыстычную пагрозу.
Джонсан, як чакаецца, абвесьціць, што цяпер Англія знаходзіцца на 4-м узроўні, але рухаецца ў бок 3-га.