Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 9 траўня.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
- Паводле афіцыйных дадзеных, на 9 траўня ў Беларусі 22 052 чалавекі — са станоўчым тэстам на COVID-19, 126 памерлых, 6050 пацыентаў выздаравелі. За дзень выявілі яшчэ 951 выпадак і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 566 чалавек.
- У Менску нягледзячы на пандэмію каранавірусу адбыўся парад, прысьвечаны юбілею Перамогі. Увечары 9 траўня ў сталіцы Беларусі прайшоў сьвяточны канцэрт і фаервэрк.
- «У гэтым звар’яцелым сьвеце знойдуцца людзі, якія асуджаюць нас за правядзеньне гэтага сьвятога дзеяньня. Не бярыцеся асуджаць нас. У нас не было іншага выбару», заявіў Лукашэнка на парадзе.
- Мінабароны Беларусі паведаміла пра ўдзел у парадзе 4000 вайскоўцаў, 185 адзінак тэхнікі. Над Менскам праляцела баявая авіяцыя ў складзе 42 паветраных суднаў. Падчас параду страціў прытомнасьць салдат.
- Трыбуны для гледачоў былі разьлічаныя на 11 тысяч чалавек, яны былі амаль цалкам запоўненыя. Вельмі мала людзей было ў масках.
- Большасьць амбасадараў краінаў Эўразьвязу не прыйшлі на парад у Менску.
- У Бабруйску пасьля акцыі «АнтыПарад» затрымалі каля 15 чалавек.
- Пасьля акцыі супраць параду затрымліваюць актывістаў «Моладзевага блёку»
- Затрыманым мэдыкам і актывістам зь Ліды, якіх напярэдадні затрымалі за сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, сабралі 5 тысяч рублёў.
- Улады Сэулу закрылі клюбы і бары пасьля паўторнай успышкі COVID-19.
- Колькасьць інфікаваных каранавірусам у сьвеце перавысіла 4 мільёны
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ