Зыгрун Дорынг працуе ў нямецкім фондзе «Памяць, адказнасьць і будучыня». У межах супольных праектаў ня раз прыяжджала ў Беларусь. Сям’я Зыгрун жыве ў раёне Кёпэнік на паўднёвым усходзе Бэрліну. Яе малодшы сын, 14-гадовы Бела, вучыцца ў 8 клясе гімназіі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Адукацыя ў Нямеччыне — справа дэцэнтралізаваная. Кожная фэдэральная зямля вырашае адукацыйныя пытаньні па-свойму — пачынаючы ад падручнікаў і грошай на абеды і сканчаючы навучальным працэсам, — тлумачыць Зыгрун. — У Бэрліне паралельна дзейнічаюць дзьве сыстэмы. Пасьля малодшай школы — 1-6 клясы, дзіця можа паступіць альбо ў гімназію і атрымаць „абітур“ (атэстат) праз шэсьць гадоў, альбо вучыцца ў Sekundarschule да 13 клясы. Праграмы вельмі падобныя. Розьніца ў тым, што ў школе меншая нагрузка і больш павольны навучальны працэс».
«Спачатку было вельмі няпроста»
Гімназія Белы побач з домам — на ровары 7-8 хвілін. З 17 сакавіка ён вучыцца дыстанцыйна. У ягонай клясе 32 вучні. Усяго ў гімназіі больш за 500 дзяцей.
«За некалькі дзён клясная кіраўніца Белы папярэдзіла пра пераход на дыстанцыйнае навучаньне, — кажа Зыгрун. — Спачатку заданьні дасылалі праз электронную пошту, кожны выкладчык пазначаў тэрмін, да якога трэба выканаць працу. Пасьля настаўніца зрабіла кожнаму вучню акаўнт на плятформе Lernraum Berlin — „навучальная прастора Бэрлін“. У першы час, калі на плятформе быў аншляг, усё працавала вельмі марудна. Звычайна пляцоўкай карысталіся вучні 11, 12, 13 клясаў. Аднак у сувязі з каранавірусам на ёй зарэгістравалі і маладзейшыя клясы».
Па большасьці прадметаў вучэбны працэс выглядае так: вучань спампоўвае заданьні, выконвае іх і да пазначанага тэрміну вяртае настаўніку. Часам дзецям прызначаюць дадатковыя онлайн-актыўнасьці па-за плятформай.
«Настаўніца францускай мовы зрабіла падборку фільмаў па граматыцы, і заданьні трэба было выконваць па праглядзе. Настаўнік гісторыі таксама раіць фільмы, прысьвечаныя знакамітым людзям альбо пэўным падзеям», — камэнтуе Зыгрун.
Па яе словах, шмат залежыць ад асобы выкладчыка. Хтосьці вядзе онлайн-відэазаняткі з усёй клясай, а хтосьці дасылае папяровыя заданьні ў паштовую скрынку.
Паводле звыклага раскладу, у Белы 6–7 заняткаў. Вучоба пачыналася а 8 раніцы і сканчалася а 2-й ці 3-й гадзіне па паўдні. Цяпер у Белы ненармаваны графік.
«Спачатку было вельмі няпроста. Сын прасіў сядзець побач зь ім і ўвесь час пакідаў убаку сваё асноўнае заданьне, — узгадвае суразмоўца. — Усё расьцягвалася ў часе. На заданьні, якія можна было выканаць за 10 хвілін, трацілася гадзіна. А я не такая строгая, як настаўніца. Цяпер Бела ўжо прызвычаіўся, зрабілася прасьцей. Часам падыходзіць да мяне ці мужа, каб мы нешта патлумачылі. Альбо сказалі, што думаем наконт ягонага адказу і ці дастаткова ён напісаў».
Большасьць прадметаў на дыстанцыйным навучаньні засталіся тыя самыя, што і ў агульнай праграме. Дадаткова Бела вывучае ангельскую і францускую мовы. Зьмяніўся фармат.
«Дзеці даволі часта некуды выходзілі на тэматычных занятках, — кажа Зыгрун. — Да прыкладу, у Белы цудоўны выкладчык па рэлігіязнаўстве — гэта неабавязковы прадмет, на яго запісваюцца па жаданьні. Ён водзіць дзяцей у розныя культавыя ўстановы і знаёміць з асаблівасьцямі рэлігій сьвету. Цяпер дзецям гэтага не хапае».
«Самае складанае — арганізаваць свой час»
Па словах Зыгрун, гурткі і дадатковыя заняткі ў Бэрліне па-ранейшаму не працуюць. Дзеці большую частку дня праводзяць дома.
«Бела любіць быць дома. Каб выцягнуць яго на вуліцу, трэба доўга ўгаворваць. Выяжджае на ровары з бацькам і старэйшым братам, які, дарэчы, сам пашыў нам усім маскі».
Бела ўжо можа заставацца дома адзін. Муж Зыгрун працуе дыстанцыйна з дому, яна выходзіць на працу пры патрэбе. За гэты час была ў адпачынку і брала дадатковыя выходныя. Цяжэй бацькам дзяцей малодшых клясаў, кажа Зыгрун.
«На працы можна пісаць заяву аб пазачарговым адпачынку, калі трэба застацца дома і клапаціцца пра дзяцей. У садках дзейнічаюць толькі экстраныя групы па доглядзе за дзецьмі, чые бацькі працуюць у жыцьцёва важных і неабходных цяпер галінах — перадусім мэдыцыне, транспартнай сфэры і сфэры паслуг».
Для дзяцей самае складанае — арганізаваць свой час, упэўненая Зыгрун.
«Яны вымушаныя самастойна займацца. Бела ўсё адкладае на апошні момант і не пасьпявае. Ня можа арганізаваць свой час. Я размаўляла з бацькам аднаго з аднаклясьнікаў Белы. У іх сям’і практыкуюць заняткі па блёках: блёк матэматыкі, нямецкай мовы. Дзень такім чынам структуруецца».
Збольшага Зыгрун задаволеная, як наладжаны навучальны працэс.
«Мне здаецца, выкладчыкі стараюцца зрабіць лепшае ў гэтай сытуацыі».
«Мне падабаецца, што зь дзецьмі ў школе абмяркоўваюць каранавірус»
Зыгрун расказала, што ў Белы ёсьць асобны прадмет — этыка. На ім зь дзецьмі абмяркоўваецца ў тым ліку сытуацыя з каранавірусам.
«Выкладчык у заданьнях просіць, каб вучань сьцісла апісаў, як сябе паводзяць яго бабуля і дзядуля падчас каранавірусу і ці застаецца ён зь імі ў кантакце, наколькі ён баіцца, што яны могуць інфікавацца і цяжка захварэць, — кажа Зыгрун. — Дзецям даюць спасылкі на артыкулы па тэме ў часопісе Der Spiegel, зь якімі трэба азнаёміцца і зрабіць высновы. Альбо напісаць адказ на выступ, да прыкладу, віцэ-губэрнатара Тэхасу Дана Патрыка, які прапанаваў ахвяраваць пажылымі людзьмі на карысьць росквіту ЗША».
Сярод заданьняў — падрыхтаваць падрабязны сьпіс аргумэнтаў за і супраць на тэму «Ці варта ахвяраваць бабулямі і дзядулямі, каб уратаваць грамадзтва?» Аргумэнты можна знайсьці ў артыкуле, прыдумаць самому альбо знайсьці ў дыскусіях у інтэрнэце альбо паразмаўляць з бацькамі.
«Аргумэнты просяць ня проста пералічыць, але і патлумачыць, чаму яны вучня пераканалі ці не пераканалі, — працягвае Зыгрун. — Альбо паразважаць над тэзісамі, кшталту — «дзяржава ня мае права ставіць у небясьпеку жыцьцё асобных людзей на карысьць большасьці. Усё грамадзтва павінна абараняць старых і слабых, нават калі з гэтай прычыны шмат людзей губляе працу і зарабляе нашмат менш грошай». Альбо — «Калі дзеля абароны асобных людзей ставіцца ў небясьпеку грамадзтва, гэта несправядліва. Мы не павінны дзеля абароны пажылых людзей аддаць на бязьдзейнасьць усё грамадзтва».
«У заданьнях па этыцы я бачыла такія пытаньні: калі хварэюць малады і стары чалавек і няма магчымасьці лячыць усіх — як ты лічыш, ці дапушчальна з маральнага пункту гледжаньня не лячыць старога, а займацца маладым? — прыводзіць чарговы прыклад Зыгрун. — Мне падабаецца, што зь дзецьмі гэта абмяркоўваюць, заклікаюць выказваць свае думкі і сачыць за тым, што адбываецца ў грамадзтве».
У Бэрліне ў Белы жывуць бабулі і дзядуля.
«Ён вельмі іх любіць. Ня бачыўся зь імі ўжо некалькі тыдняў. Вельмі пакутуе ад гэтага. Калі я сказала, што бачылася са сваёй мамай у нядзелю, ён вельмі засмуціўся і сказаў, што гэта несправядліва. Але ён размаўляе зь імі праз тэлефон», — кажа суразмоўца.
«Старэйшыя клясы пачалі вяртацца ў школу»
Зыгрун кажа, што зь мінулага тыдня вучні пачалі вяртацца ў школы. Першымі вярнуліся абітурыенты — 12-клясьнікі ў гімназіях і 13-клясьнікі ў Sekundarschule, якія рыхтуюцца да экзамэнаў. З гэтага тыдня ў Sekundarschule запрасілі і дзявятыя клясы, але па строгім рэглямэнце.
«У памяшканьне яны ідуць паасобку, настаўнік назірае, каб кожны як мае быць апрацоўваў рукі і адразу ішоў у клясу. Маскі на занятках можна надзяваць па жаданьні, — кажа Зыгрун. — Клясу дзеляць на тры групы, і кожная займаецца ў асобным памяшканьні. З гэтым пакуль праблемаў няма, бо астатнія клясы вучацца дома. Альбо запрашаюць на вучобу празь дзень — па палове клясы».
Па словах Зыгрун, бэрлінская сэнатарка па справах адукацыі прапанавала запрасіць у школы тых зь сямі- і васьміклясьнікаў, хто мае цяжкасьці з вучобай, альбо тэхнічныя праблемы, альбо каму абставіны перашкаджаюць вучыцца дома.
«Бацькі адрэагавалі досыць крытычна, і я зь імі згодная, што такая сытуацыя можа прывесьці да стыгматызацыі сярод вучняў, — дадае Зыгрун. — Таму пакуль меншыя дзеці займаюцца па-ранейшаму дома. Аднак да канца навучальнага году ўсе клясы плянуюць вярнуць у школу».
Летнія канікулы ў Бэрліне пачынаюцца 25 чэрвеня.
Зыгрун адзначыла, што на вуліцах Бэрліна людзей стала трошкі болей. Аднак па-ранейшаму дзейнічаюць абмежаваньні: можна гуляць толькі з тымі, хто жыве з табой у адной кватэры. У іншым выпадку — толькі па двое і на адлегласьці як мінімум 1,5 мэтра. Таксама цяпер абавязкова трэба надзяваць маску, калі заходзіш у грамадзкі транспарт ці краму.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ