У Цьверы зьнялі мэмарыяльныя дошкі ў памяць аб расстраляных паляках

Табліцы на сьцяне Мэдычнага ўнівэрсытэту ў Цьверы, усталяваныя ў 1991 годзе ў памяць пра расстраляных паляках

У Цьверы са сьцяны будынка Цьвярскога мэдычнага ўнівэрсытэту 7 траўня зьнялі дзьве мэмарыяльныя дошкі ў памяць аб расстраляных паляках, пахаваных у Медным, і іншых ахвярах НКВД у былой Калінінскай вобласьці.

Пра гэта паведамілі грамадзянскі актывіст Арцём Важанкоў і журналіст Максім Новікаў. Важанкоў апублікаваў у Фэйсбуку фота дэмантажу мэмарыяльных дошак.

Дэмантаж дошак адбыўся на патрабаваньне пракуратуры. Пракуратура сьцьвярджае, што правяла праверку і высьветліла, што ў рашэньні выканкаму Цьвярскога гарсавету ад 9 верасьня 1991 году аб усталяваньні дошкі ўказаны недакладны адрас.

У дадатак, пракуратура не знайшла пацьверджанняў таму, што палякаў-вязьняў Асташкоўскага лягеру расстрэльвалі па адрасе Савецкая, 4, гэта значыць у будынку мэдычнага ўнівэрсытэту.

Таварыства «Мэмарыял» ня згоднае з гэтым рашэньнем. Кіраўнік польскай праграмы «Мэмарыялу» Аляксандр Гур’янаў раней паведамляў, што палякаў расстрэльвалі ў будынку Калінінскага абласнога ўпраўленьня НКУС, у якім цяпер разьмяшчаецца Цьвярскі мэдычны ўнівэрсытэт. На мэмарыяльных могілках «Меднае» ў Цьвярской вобласьці пахаваныя 6295 палякаў, расстраляных НКВД з красавіка па май 1940 году ў так званай Катынскай справе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Катынь: Як забівалі, хлусілі і раскрылі праўду. Але ня ўсю

Дэмантаж мэмарыяльных дошак карэспандэнту Радыё Свабода пракамэнтаваў старшыня праўленьня таварыства «Мэмарыял» Ян Рачынскі:

«Польскія ваеннапалонныя, забітыя савецкай уладай у Калініне, — гэта ахвяры Другой сусьветнай вайны. Дзеяньні цьвярскіх уладаў — гэта зьдзек зь іх памяці, асабліва абуральны напярэдадні Дня Перамогі!»

У заяве «Мэмарыялу» з гэтай нагоды гаворыцца:

«Дэмантаж гэтых дошак — ня проста вандалізм. Гэта злачынства супраць гісторыі, зьдзек над памяцьцю нашых суграмадзян і польскіх ваеннапалонных, забітых у падвалах гэтага будынка, чарговая спроба адмаўленьня ўсім вядомых і шмат разоў даказаных дакумэнтальна злачынстваў сталінскага рэжыму».