Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі не прыняла прапановы праваабаронцаў наконт правядзеньня выбараў ва ўмовах пандэміі каранавірусу, бо «часу для прыняцьця гэтых мер ня маецца».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Такі адказ атрымалі ўдзельнікі незалежнай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» на свае прапановы, які яны накіравалі ў Цэнтравыбаркам, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Беларусі, паведамляе «Вясна».
У адказе ЦВК за подпісам старшыні Лідзіі Ярмошынай гаворыцца, што часу для ўнясеньня зьменаў у выбарчае заканадаўства ўжо няма — паводле рэкамэндацый міжнародных экспэртаў зьмены ня мусяць прымацца менш чым за год да правядзеньня выбараў. Таксама, адзначае Ярмошына, «выкарыстаньне інфармацыйных тэхналёгій і іншых дыстанцыйных спосабаў для ажыцьцяўленьня выбарчых працэдур патрабуе ня толькі прававых, але і інфраструктурных перадумоваў, папярэдняй ацэнкі іх кошту, эфэктыўнасьці, даверу і бясьпекі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў заўтра прызначыць дату прэзыдэнцкіх выбараў?У адказе зь Вярхоўнага суду, якому праваабаронцы прапанавалі ўвесьці элемэнты электроннага судаводзтва для забесьпячэньня разгляду выбарчых спрэчак (праводзіць судовы працэс празь відэасувязь), гаворыцца толькі, што «дадзенае пытаньне падлягае вырашэньню ў дачыненьні да канкрэтнай выбарчай кампаніі».
«Яны думаюць пра тое, як найхутчэй легітымізаваць свае паўнамоцтвы праз гэтую выбарчую кампанію. Фактычна чыноўнікі занятыя сваёй асабістай бясьпекай. А тое, што прапаноўвалі мы, магло б мінімізаваць наступствы гэтай пандэміі», — лічыць каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч. На яго думку, тактыка правядзеньня выбарчай кампаніі, абраная ўладамі, цалкам ігнаруе прынцыпы элемэнтарнай бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмяротнасьць ад COVID-19 сярод мэдыкаў у Беларусі ў 15-30 разоў вышэйшая за іншыя краіны Эўропы? Як такое атрымалася
Што праваабаронцы прапаноўвалі ЦВК
- каб тэрытарыяльныя камісіі забясьпечылі магчымасьць электроннай падачы зваротаў, інфармацыі і неабходных копій дакумэнтаў удзельнікамі выбараў і назіральнікамі;
- прадугледзець магчымасьць праводзіць пасяджэньні калегіяльных органаў празь відэаканфэрэнцыі,
- забясьпечыць акрэдытаваным назіральнікам, давераным асобам кандыдатаў і СМІ магчымасьць назіраць за ўсімі этапамі выбарчага працэсу з дапамогай відэаканфэрэнцыі + зьмяшчаць электронную копію пратаколаў у сеціве,
- даць усім кандыдатам роўны час для выступу на тэлебачаньні, бясплатна ў аб’ёме, які кампэнсуе адсутнасьць магчымасьці праводзіць сустрэчы з выбарнікамі ва ўмовах эпідэміі; трансьляваць на ТВ уласныя інфармацыйныя матэрыялы кандыдатаў;
- падлічваць галасы ў рэжыме відэаканфэрэнцыі, так, каб назіральнікі, давераныя асобы кандыдатаў і СМІ маглі назіраць усе этапы падліку, даць ім магчымасьць атрымаць электронную копію пратакола аб выніках галасаваньня;
- падлічваць галасы ў прысутнасьці ўсіх чальцоў камісіі і назіральнікаў, але дзеля бясьпекі прысутных сам падлік мусіць праводзіць адзін сябра камісіі, агучваючы і паказваючы ўсім астатнім на бясьпечнай адлегласьці, за каго прагаласаваў кожны выбарнік;
- праводзіць праверку подпісаў за кандыдатаў выключна ў названых у законе мэтах, не дапускаць прызнаньня іх недакладнымі паводле фармальных прыкметаў;
- зьняць забарону на раздачу інфармацыйных матэрыялаў пра кандыдатаў у пэрыяд збору подпісаў;
- улічваць небясьпеку распаўсюджваньня COVID-19 пры распрацоўцы і прыняцьці пастановаў, якія рэгулююць асобныя этапы выбарчага працэсу;
- на ўсіх этапах выбарчай кампаніі разам зь Мінздароўя ствараць бясьпечныя для жыцьця і здароўя выбарнікаў і ўдзельнікаў выбарчага працэсу ўмовы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ