Расейскія хакеісты Андрэй Гаўрылаў і Ўладзімір Малевіч аказаліся датычнымі да дамоўнага матча паміж «Дынама-Маладэчна» і «Магілёвам», піша Tut.by.
Што за матч?
У матчы Экстралігі «Дынама-Маладэчна» — «Магілёў», які праходзіў 12 лістапада, каманда Маладэчна саступіла аднаму з аўтсайдэраў чэмпіянату зь лікам 5:6, хоць выйгравала 5:1.
Хакеісты каманды Сяргей Шэлег, Аляксей Іваноў і Вячаслаў Лісічкін пагадзіліся прайграць у матчы, залучыўшы ў справу Станіслава Кучкіна, Паўла Баярчука і Аляксандра Сырэя. Пазьней да іх далучыўся Мікіта Ўсьціненка.
За паразу хакеістам абяцалі ад 7 да 15 тысяч даляраў на ўсіх.
Што выявіла расьсьледаваньне?
Паводле сьледзтва, трэнэр каманды «Дынама-Маладэчна» Ігар Крывашлык асабіста і праз трэціх асобаў зрабіў больш за 20 ставак на матчы Кубку і чэмпіянату Беларусі з удзелам сваёй каманды. Стаўкі Крывашлык рабіў са жніўня да лістапада 2019 году.
Пра тое, што матч будзе дамоўны, ведалі яшчэ тры хакеісты клюбу: Арцём Волкаў, Дзьмітры Амбражэйчык і Мікіта Феакцістаў. Яны адмовіліся прайграваць у матчы з «Магілёвам», але і не паведамілі пра дамоўны матч праваахоўнікам.
Пры чым тут расейскія хакеісты?
Падчас разгляду справы ў судзе Маскоўскага раёну Менску абвінавачаны Аляксандар Сырэй сказаў, што перад матчам ён зьвязваўся з Гаўрылавым, які раней быў яго аднаклюбнікам. Гаўрылаў нібыта паабяцаў за пройгрыш «Магілёву» 16,6 тысячы рублёў на каманду. Пазьней сума павялічылася да 33 тысяч рублёў.
Пасьля двух пэрыядаў лік быў 5:2 на карысьць «Дынама-Маладэчна». У перапынку з Сырэем нібыта зьвязваўся Малевіч, каб удакладніць, што гульня абавязкова павінна скончыцца паразай. У выніку матч скончыўся зь лікам 5:6.