Каля сарака чалавек сабраліся ў Гомлі на плошчы Леніна на акцыю падтрымкі арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага. Людзі скандавалі «Стоп таракан! Но пасаран!». «Стоп таракан» — слоган онлайн-супольнасьці «Страна для жизни», якую арганізаваў Сяргей Ціханоўскі.
Абноўлена. Пад ноч вызвалілі ўсіх акрамя Юрыя Ўласава — каля 20 чалавек, піша БелаПАН. На затрыманых склалі пратаколы за «парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства» (арт. 23.34 КаАП РБ).
Праз 35 хвілін пасьля пачатку акцыі ўдзельнікаў пачалі затрымліваць супрацоўнікі АМАП. Агулам пакуль вядома пра 20 затрыманых.
Сярод затрыманых таксама журналісты Tut.by і «„Комсомольской правды“ в Белоруссии».
6 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі пад Магілёвам супрацоўнікі АМАП. Яго перавезьлі ў гомельскі ізалятар часовага ўтрыманьня. На ягоным канале «Страна для жизни» зьявіўся ягоны зварот пра тое, што ён мае намер стаць кандыдатам у прэзыдэнты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС: Ціханоўскага затрымалі для адбыцьця арыштуПадтрымаць Ціханоўскага прыехалі людзі з Чачэрску і Жлобіна. Падчас акцыі на плошчы Леніна гучна ўключылі музыку, якая заглушала прамовы. Удзельнікі акцыі заклікалі дасылаць блогеру ў ІЧУ лісты і паштоўкі.
Грамадзкі актывіст Юрый Уласаў выказаўся, што «Сяргей — ідэальны прэзыдэнт, ён не з сыстэмы, прадпрымальнік, зарабляў грошы сваімі мазгамі, яго варта падтрымліваць». Уласаў прапаноўваў арганізоўваць ініцыятыўныя групы, якія гатовыя «рэальна працаваць», зьбіраць подпісы, займацца рэклямнымі матэрыяламі.
«Варта зьмяняць заканадаўства, у тым ліку Выбарчы кодэкс, варта нам усім аб’ядноўвацца. Ціханоўскі — гэта як брэнд, як напрамак нашага сёньняшняга жыцьця», — сказаў Юрый Уласаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер Ціханоўскі сабраўся ў прэзыдэнты. Хто ёнНа акцыю прыйшлі міліцыянты, якія папярэджвалі праз гукаўзмацняльнік: «Паважаныя грамадзяне, ваша акцыя незаконная».
У адказ удзельнікі крычалі: «Стоп таракан! Но пасаран!». Пасьля зьяўленьня міліцыі людзі пачалі разыходзіцца.
Акцыя працягвалася каля 35 хвілін.
У пастарунку на затрыманых склалі пратаколы за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 адміністрацыйнага кодэксу).