Кітай зьбіраецца скупляць эўрапейскія тэхналёгіі, якія патаньнелі ад пандэміі 

Кітай даўно імкнецца завалодаць новымі тэхналёгіямі ў Эўропе, і падзеньне фондавага рынку праз COVID-19 можа падагрэць гэты інтарэс, піша журналіст Рыд Стэндыш для Радыё Свабода.

Эканамічны шок ад пандэміі каранавірусу адкрыў дзьверы кітайскім кампаніям, якія купляюць высокія тэхналёгіі. Пэкін імкнецца да дамінаваньня на рынку тэхналёгій наступнага пакаленьня і разьлічвае на зьніжкі ў Эўразьвязе.

Аднак урады эўрапейскіх краін асьцерагаюцца тэхналягічнай экспансіі Кітая і даюць зразумець, што гатовыя абараняць найбольш каштоўныя сэктары. Геапалітычная напружанасьць нарастае з прычыны таго, што Кітай хоча купляць стратэгічныя тэхналёгіі - ад штучнага інтэлекту да тэлекамунікацыйных сетак і патокаў дадзеных - каб заняць дамінуючую пазыцыю на гэтым рынку, бо менавіта ад яго будзе залежыць глябальная эканоміка на працягу наступных дзесяцігодзьдзяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: Кітай не прадухіліў сьмерці соцень тысяч, хаваючы праўду пра COVID-19

Адным з прыкладаў адбыўся ў пачатку красавіка ў Вялікай Брытаніі: кітайская кампанія Canyon Bridge, філіял дзяржаўнай інвэстыцыйнай кампаніі China Reform, пад ціскам парлямэнту адмовілася ад спробы перанесьці ў Кітай штаб-кватэру кампаніі Imagination, вядучага вытворцы графічных картаў, якія выкарыстоўваюцца ў траціне ўсіх сусьветных смартфонаў.

Угода сарвалася пасьля хвалі абурэньня брытанскіх палітыкаў праз тое, што Canyon Bridge зьбіралася ажыцьцявіць пераезд, пакуль уся ўвага грамадзтва засяродзілася на пандэміі каранавірусу. Canyon Bridge купіла кантрольны пакет акцый Imagination у 2017 годзе. Цяпер кампанія заяўляе аб дасягненьні дамоўленасьці з брытанскім урадам аб тым, што штаб-кватэра кампаніі застанецца ў Брытаніі.

ЭЗ заявіў аб далейшых кроках дзеля абмежаваньня набыцьця актываў неэўрапейскімі кампаніямі, а міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Дамінік Рааб паабяцаў, што з Кітаем «звычайных дзелавых сувязяў больш ня будзе»; раней з падобнымі рэзкімі заявамі выступала і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужбы Кітаю папярэдзілі аб жорсткай канфрантацыі паміж Пэкінам і Захадам з прычыны каранавірусу

З Брусэлю пра небясьпеку куплі стратэгічных актываў Захаду празь фінансавы шок, выкліканы каранавірусам, папярэдзіў і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг.

Нават Індыя нядаўна анансавала законапраект, якая спыняе агрэсіўныя паглынаньні з боку кітайскіх кампаній.

Найвышэйшы орган выканаўчай улады Эўрапейскага зьвязу ў сакавіку папярэдзіў пра тое, што на фоне пандэміі асабліва важна кантраляваць набыцьцё кампаній з-за межаў ЭЗ і перашкаджаць страце кампаній, якія адыгрываюць ключавую ролю для аховы здароўя і бясьпекі Эўропы.

За гэтым адбыліся пратэкцыянісцкія захады з боку Італіі, Гішпаніі і Нямеччыны, накіраваныя на ўзмацненьне кантролю над непажаданымі замежнымі паглынаньнямі.

Гэтыя захады сталі знакавымі для Эўразьвяза, які доўга спрабаваў знайсьці балянс паміж імкненьнем асобных краінаў-сяброў наладзіць больш цесныя сувязі з Пэкінам і палітычнымі асьцярогамі Брусэля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кітай не зацікаўлены ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША» — прадстаўнік кітайскага МЗС адказаў на заяву Трампа

Зыходзячы са стратэгіі «Зроблена ў Кітаі - 2025», Пэкін накіроўвае мільярды даляраў на субсыдыі і дасьледаваньні ў дапамогу кітайскім кампаніям, а таксама на набыцьцё найлепшых тэхнічных прадпрыемстваў, каб выйграць міжнародную канкурэнцыю - найперш з ЗША - у гонцы за дамінаваньне ў галіне высокіх тэхналёгій.

Гаворка ідзе ня толькі пра барацьбу за права вызначаць глябальныя стандарты для тэхнікі новага пакаленьня, але і пра рынкавае дамінаваньне, прыбыткі і зьвязаны з гэтым палітычны ўплыў.