Сястра аднаго з навучэнцаў Сувораўскай вучэльні расказала Tut.by, што ў роце ейнага брата выявілі каранавірус. Міністэрства абароны пацьвердзіла выданьню: станоўчыя тэсты на каранавірус атрымалі ў двух навучэнцаў Сувораўскай вучэльні, зь 1 і 5 курсу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Цяпер абодва хлопцы ў Менскай інфэкцыйнай лякарні, стан здавальняючы. Паводле Міністэрства абароны, па прыезьдзе з вакацыяў у іх узьнялася тэмпэратура, навучэнцаў накіравалі ў лякарню, дзе ўзялі тэст.
Цяпер усе «кантакты І узроўню» ізаляваныя і пратэставаныя на каранавірус, сьцьвярджае міністэрства. Бацькам прапанавалі забраць дзяцей дамоў, збольшага так і зрабілі, але таксама прадугледжаны варыянт ізаляцыі ў санітарнай частцы вучэльні. На самаізаляцыю дазволілі выправіцца і тым навучэнцам 1 і 5 кураў, хто не прызнаны «кантактамі».
Ніхто з гэтых курсаў ня будзе браць удзелу ў парадзе, дадалі ў міністэрстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны пацьвердзіла каранавірус у некалькіх афіцэраўШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.