636 студэнтаў-мэдыкаў працуюць у шпіталях і паліклініках Менску з хворымі на каранавірус

Ілюстрацыйнае фота

З хворымі на каранавірус у Менску цяпер працуюць 636 студэнтаў і інтэрнаў, сказаў у інтэрвію БелТА першы намесьнік старшыні камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Дзьмітры Чараднічэнка.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Дапамагаюць гарадзкім спэцыялістам 636 студэнтаў і навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту і двух сталічных мэдычных каледжаў. У прыватнасьці, разам з старэйшымі калегамі ў лякарнях і паліклініках на ўласнае жаданьне працуюць санітаркамі і санітарамі 30 навучэнцаў каледжаў і студэнты 1–3 курсаў мэдунівэрсытэту. Студэнты 4–6 курсаў аказваюць дапамогу ў якасьці мэдсёстраў і мэдбратоў», — расказаў Дзьмітры Чараднічэнка.

Паводле яго, цяпер пацыентаў з каранавірусам лекуюць у:

  • гарадзкой інфэкцыйнай клінічнай лякарні,
  • 6-й гарадзкой клінічнай лякарні(тэрапэўтычны і траўматалягічны корпусы),
  • 4-й гарадзкой клінічнай лякарні (тэрапэўтычны корпус),
  • 10-й гарадзкой клінічнай лякарні ,
  • 3-й гарадзкой клінічнай лякарні,
  • Менскім гарадзкім клінічным анкалягічным дыспансэры (2 корпусы),
  • гарадзкой гінэкалягічнай лякарні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Пэўных пацыентаў, якія перанесьлі пнэўманію, пасьля далечваюць і рэабілітуюць у перапрафіляваных аддзяленьнях

  • 11-й гарадзкой клінічнай лякарні ,
  • Рэспубліканскай клінічнай лякарні мэдычнай рэабілітацыі «Аксакаўшчына»,
  • Рэспубліканскім шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. Машэрава.

Для ўсіх мэдыкаў, якія працуюць з хворымі на COVID-19 і хочуць засьцерагчы сваіх блізкіх, абмежаваўшы кантакты зь імі, Менгарвыканкам вылучыў два гатэлі — East Time і IT Time, цяпер там жывуць больш за 300 супрацоўнікаў мэдычных установаў, дадаў Чараднічэнка.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ