У сталіцы Армэніі Ерэване 9 траўня будуць зачыненыя ўсе дарогі, якія вядуць да парку Перамогі і ваеннага пантэону «Ераблур», каб не дапусьціць збору людзей на Дзень Перамогі.
Таксама 9 траўня будуць перакрытыя дарогі для транспарту і мінакоў, якія вядуць да парку «Ахтанак». Пра захады, зробленыя з мэтай прадухіленьня распаўсюду каранавірусу, заявілі ў паліцыі краіны.
У Дзень Перамогі ў Армэніі традыцыйна адзначаюцца два іншыя сьвяты: Дзень вызваленьня Шушы і Дзень Арміі абароны Нагорнага Карабаху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны назвала час правядзеньня параду ў Менску«9 траўня будуць закрытыя ўсе дарогі для мінакоў і транспартных сродкаў, якія вядуць да парку Перамогі і пантэону „Ераблур“. У рамках трайнога сьвята будуць праходзіць толькі афіцыйныя ўрачыстасьці, а масавыя падзеі будуць адкладзеныя», — гаворыцца ў паведамленьні армянскай паліцыі.
У праваахоўным ведамстве адзначылі, што парушальнікі будуць прыцягнуты да адказнасьці, і папрасілі грамадзян паставіцца з разуменьнем да абмежаваньня.
Паводле афіцыйных дадзеных, у Армэніі 2782 чалавекі захварэлі на каранавірусную інфэкцыю, 47 памерлі. Надзвычайнае становішча ў краіне падоўжылі пакуль да 12 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія грашовыя выплаты атрымліваюць вэтэраны ў Беларусі і ў іншых краінахРаней улады Беларусі ня сталі адмяняць парад Перамогі і іншыя мерапрыемствы на 9 траўня, а прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка запрасіў на сьвята ў Менск кіраўнікоў дзяржаў іншых краін, «хаця б былога Савецкага Саюзу».
У Расеі перанесьлі на няпэўны тэрмін вайсковы парад і іншыя імпрэзы ў гонар 75-годзьдзя Перамогі ў Другой усясьветнай вайне, а акцыю «Несьмяротны полк» правядуць у выглядзе віртуальнага шэсьця.
У Казахстане ўсе масавыя падзеі праз каранавірус былі адмененыя яшчэ ў сакавіку, у тым ліку вайсковы парад на Дзень Перамогі. Гарадзкія ўлады Нур-Султану, сталіцы краіны, расказалі, што адмовіліся і ад правядзеньня салюту на 9 траўня. Замест гэтага жыхарам прапанавалі выйсьці на гаўбцы і ўключыць ліхтарыкі.