Рэйтынг ухваленьня дзейнасьці прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў красавіку зьнізіўся да гістарычнага мінімуму. Такія дадзеныя тэлефоннага апытаньня «Левада-цэнтру».
Ухваляюць дзейнасьць кіраўніка РФ 59% рэспандэнтаў. Гэта самы нізкі паказчык ухваленьня працы Пуціна за 20 гадоў яго кіраваньня. Апошні самы нізкі паказчык — 61% — быў зафіксаваны ўвосень 2013 году.
Месяцам раней, у сакавіку, дзейнасьць расейскага лідэра ўхвалілі 63% апытаных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што думаюць беларусы пра парад 9 траўня. Апытаньне ў МенскуНе ўхвалілі працу Пуціна ў красавіку 33% апытаных супраць 36% у сакавіку.
«Левада-цэнтар» праводзіў апытаньне 24–27 красавіка. У ім узялі ўдзел 1608 чалавек ва ўзросьце ад 18 гадоў. У сувязі з эпідэміяй COVID-19 сацапытаньне праводзілася дыстанцыйна. Паводле сацыёлягаў, гэтыя дадзеныя нельга параўноўваць з вынікамі, атрыманымі падчас асабістых інтэрвію, бо ў тэлефонных апытаньнях рэспандэнты даюць больш канфармісцкія адказы.
Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль ня схільны давяраць апытаньням «Левада-цэнтру». Існуюць іншыя апытаньні, якія даюць іншую ацэнку дзейнасьці прэзыдэнта, сказаў Пяскоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас розныя падыходы». У Крамлі ацанілі намаганьні Беларусі ў барацьбе з COVID-19Як мы паведамлялі, узровень даверу расейцаў да Пуціна зьнізіўся і паводле апытаньня блізкага да расейскіх уладаў Усерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ). Сакавіцкае апытаньне гэтага цэнтру зафіксавала зьніжэньне даверу да прэзыдэнта РФ да мінімуму за 14 гадоў.
Паводле апытаньня, праведзенага напрыканцы красавіка блізкім да Крамля фондам «Грамадзкая думка» (ФОМ), дзейнасьць Пуціна на пасадзе ўхвалялі 62% апытаных, што ня вельмі адрозьніваецца ад вынікаў апытаньня «Левада-цэнтру», які расейскімі ўладамі трактуецца як «замежны агент».
«Левада-цэнтар», ВЦИОМ і ФОМ — адны з самых уплывовых расейскіх дасьледчых цэнтраў, якія рэгулярна праводзяць сацыялягічныя апытаньні на грамадзка-палітычную тэматыку.