Эстонія зьмякчае абмежаваньні, уведзеныя ў сувязі з каранавірусам

Урад Эстоніі 6 траўня ўхваліў рашэньне, якое дазваляе на пэўных умовах кантактнае навучаньне, адкрыцьцё музэяў і выставаў ды пашырае магчымасьці для трэніровак спартоўцаў вышэйшага ўзроўню. Урад таксама дазволіў праводзіць рэлігійныя службы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

З 6 траўня пашыраюцца магчымасьці для трэніровак дарослых зборных як у памяшканьнях, так і пад адкрытым небам. Пры гэтым павінна быць забясьпечана даступнасьць дэзынфэкцыйных сродкаў. Дэталёвыя патрабаваньні бясьпечнага правядзеньня трэніровак сфармулюе Міністэрства культуры.

З 11 траўня дазволена наведваць музэі і выставачныя залі групамі ня большымі за 10 чалавек. Прадстаўнікам групаў рызыкі ў музэйных і выставачных залях рэкамэндуецца прыкрываць дыхальныя шляхі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве зьмякчылі ўмовы карантыну: яе жыхары могуць выяжджаць за мяжу

З 15 траўня дазволена вяртаньне да звычайнай навучальнай працы ў памяшканьнях школы. У пэрыяд зьмякчэньня абмежаваньняў, уведзеных у сувязі з надзвычайным становішчам, у школьных памяшканьнях дазволена навучаньне ў групах памерам да 10 чалавек. Нашэньне ахоўнай маскі не зьяўляецца абавязковым, аднак рэкамэндуецца для ўдзельнікаў навучальнага працэсу з групаў рызыкі.

З 10 траўня пры выкананьні пэўных умоваў магчыма правядзеньне набажэнстваў і іншых рэлігійных абрадаў з удзелам вернікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча здымае пэўныя абмежаваньні на выдачу ўязных візаў беларусам

Раней урад Эстоніі прыняў рашэньне з 11 траўня адчыніць гандлёвыя цэнтры.

У Эстоніі афіцыйна пацьверджана 1,7 тысячы выпадкаў інфэкцыі COVID-19 і 55 сьмерцяў ад яе.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ