Беларускія банкі прыпыняюць выдачу крэдытаў на набыцьцё нерухомасьці і аўтамабіляў. За выключэньнем Geely

«Беларусбанк» прыпыніў выдачу крэдытаў фізычным асобам на куплю жыльля на другасным рынку, набыцьцё аўтамабіляў і рэфінансаваньне.

Як паведамляюць на сайце фінансавай установы, мера носіць часовы характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк занепакоіўся «спробамі ўцягнуць усю Беларусь у растэрміноўку». І адрэагаваў

У прыватнасьці, банк прыпыніў прыём крэдытных заявак на рэфінансаваньне «Ўдалае абнаўленьне», на набыцьцё новых аўтамабіляў, за выключэньнем Geely беларускай зборкі ў рамках праграмы «БелДжы», а таксама спажывецкіх крэдытаў на картку паводле дамоваў аб супрацоўніцтве з арганізацыямі гандлю і сэрвісу.

Заяўкі, якія паступілі да 1 траўня, будуць разгледжаныя на ранейшых умовах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы вінныя банкам 14,8 мільярдаў рублёў. У сакавіку прырост быў максымальны за апошнія месяцы

Паводле фінансавых аналітыкаў, спыненьне крэдытных праграмаў абумоўлена нестабільным курсам беларускага рубля. Ва ўмовах істотнага абясцэньваньня нацыянальнай валюты банкаўскі сэктар і раней ішоў на падобныя абмежавальныя крокі.

Акрамя «Беларусбанка», пра згортваньне праграмаў з забудоўшчыкамі ці прыпыненьне крэдытных ліній на жыльлё таксама заявілі «БПС-Сбербанк», «Франсабанк» ды некаторыя іншыя.