Прадстаўнікі Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) не прыедуць у Туркмэністан на гэтым тыдні, паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода. Паводле экспэртаў, улады краіны адмянілі запрашэньне для місіі САЗ.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Місія САЗ цяпер знаходзіцца ў Таджыкістане, дзе напярэдадні яе візыту ўлады 30 красавіка афіцыйна пацьвердзілі наяўнасьць пацыентаў, якія захварэлі на COVID-19. Улады Туркмэністану афіцыйна пакуль пра выпадкі захворваньня не паведамлялі і адмаўляюць, што каранавірус ў краіне ёсьць. Аднак у Туркмэністане пры гэтым увялі абмежаваньні на перамяшчэньне па краіне, а для пасадкі на цягнікі і міжгароднія аўтобусы ад пасажыраў патрабуюць здаць аналізы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International заклапочаная рэпрэсіямі пад прыкрыцьцём змаганьня з каранавірусамЭкспэрты САЗ зьбіраліся наведаць шпіталь у Туркмэністане. Аднак незадоўга да іх візыту праваабаронцы Amnesty International заявілі, што ўлады Туркмэністану наўмысна прыніжаюць сур’ёзнасьць пандэміі і прапагандуюць неэфэктыўныя спосабы лячэньня. У прыватнасьці, прэзыдэнт Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, паводле іх сьцьвярджэньня, забараніў згадваць COVID-19 і параіў спальваць лісьце расьліны «гармала», каб пазбавіцца ад хваробы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ